БЕЛ Ł РУС

Самую дарагую кватэру лістапада купілі ў доме, за прагляд жылля ў якім бралі 7 тысяч рублёў

6.12.2025 / 16:40

Nashaniva.com

У доме Lake Views у Паўночным беразе ў Мінску набылі кватэру за амаль 426 тысяч даляраў. Яна стала самай дарагой кватэрай, прададзенай у Беларусі ў лістападзе. Гэта менавіта той дом, дзе з патэнцыйных пакупнікоў бралі дэпазіт 7 тысяч рублёў за права прагляду жылля, піша Realt.by.

Новы дом прапісаўся па адрасе Цвіркі, 88 — гэта каля Цнянкі. Ён складаецца з трох ізаляваных пад'ездаў рознай вышыні — ад 6 да 8 паверхаў — і разлічаны на 79 кватэр.

Забудоўшчык называе дом калекцыйным. Па-першае, такім яго робіць цеснае суседства з паркам, да якога ўсяго некалькі крокаў. Па-другое, дом ужо цалкам гатовы. Пакупнікам не даводзіцца чакаць здачы кватэр. Па-трэцяе, тут ёсць уласная паркоўка і ізаляваныя зоны адпачынку.

Ну і, нарэшце, самі кватэры тут добрага ўзроўню. Столі вышынёй тры метры, усе вокны — у падлогу. Кідаюцца ў вочы стыльныя адкрытыя лоджыі, якія часткова зашклёныя. Від з вокнаў верхніх паверхаў — на Цнянку. Карацей, падобна на сучасныя дамы дзе-небудзь у еўрапейскім Міжземнамор'і.

Яшчэ адна гісторыя, звязаная з гэтым домам, у тым, што за прагляд кватэр тут у жніўні забудоўшчык браў з патэнцыйных пакупнікоў дэпазіт у 7 тысяч рублёў. Калі чалавек вырашаў набыць жыллё, ён мог унесці гэтыя грошы ў кошт цаны кватэры. Калі ж не, то яму цалкам вярталі пералічаную суму. Гэта актыўна абмяркоўвалася ў сацсетках.

Забудоўшчык на той момант трымаў у сакрэце цэннік. Але было вядома, што кошт залежыць ад паверху і метражу. У кошт кватэры таксама ўключана і адно парковачнае месца ў крытым паркінгу пад стылабатам дома.

І вось у лістападзе ў гэтым доме купілі аднапакаёвую кватэру плошчай 78,8 квадрата за 425 898 даляраў. Метр атрымаўся прыкладна па 5398 даляраў.

Дарэчы, як паведамляў тэлеграм-канал «Будні рыэлтара» ў пачатку лістапада, сярэдняя цана за метр у здзелках ў гэтым доме — 4990‑5690 даляраў. 

Чытайце таксама:

Самы дарагі дом у Беларусі ў лістападзе купілі за 435 тысяч даляраў

Суседкі па кватэры пасварыліся падчас гатавання ежы, зараз адной пагражае да васьмі гадоў

У Мінску прадаюць вагон з бізнэс-салонам. Цана, як за некалькі кватэр

У Мінску здаецца кватэра-лабірынт

Каментары да артыкула