БЕЛ Ł РУС

У Коўне шукаюць маньяка, які забіў дзвюх маладых дзяўчат, а да кватэры трэцяй не дайшоў

5.12.2025 / 19:16

Лаўрын Кулеш

«Гэты чалавек дамовіўся са мною, што зойдзе, але так і не з'явіўся ўчора. Сёння ад раніцы дрыжаць рукі і ногі пасля таго, як я даведалася, што гэта маньяк. Я яму сказала і коды дзвярэй, і паверх, але ён не прыйшоў. Я яшчэ сама яму пісала і тэлефанавала, калі ён не прыйшоў, каб даведацца, дзе ён. Не магу паверыць, што цудам засталася жывая».

Бэнас Мікутавічус. 2020 год. Фота: benas.mikutavicius.3 / facebook

Чацвер, 4 снежня, стаў трагічным днём для літоўскага Коўна. У горадзе былі жорстка забітыя дзве маладыя жанчыны. Паліцыя лічыць, што гэтыя забойствы звязаныя паміж сабой, і актыўна шукае адзінага падазраванага.

Першае паведамленне паступіла ў паліцыю каля 13:00. У кватэры было знойдзена цела 22‑гадовай дзяўчыны з перарэзаным горлам. Увечары сваякі іншай дзяўчыны, 24-гадовай, паведамілі, што не могуць звязацца з ёй. Супрацоўнікі паліцыі трапілі ў яе кватэру і знайшлі цела другой ахвяры, таксама са слядамі гвалту.

Абодва злачынствы адбыліся ў адным мікрараёне, дзе месцы здарэнняў падзяляюць усяго некалькі сотняў метраў. Дакладны час смерці вызначаецца, аднак мяркуецца, што першае забойства адбылося раніцай паміж 10 і 11 гадзінамі, а другое — днём, паміж 12 і 13 гадзінамі.

Галоўны пракурор акруговай пракуратуры пацвердзіў, што ў забойстве абедзвюх дзяўчат падазраецца адзін і той жа чалавек — 29‑гадовы Бэнас Мікутавічус.

Крымінальныя справы аб'яднаныя, вядзецца расследаванне па факце забойства, здзейсненага з асаблівай жорсткасцю. Па словах пракурора, на гэты момант няма звестак пра сэксуальны гвалт або іншыя злачынствы. Сам падазраваны раней не быў судзімы і не трапляў у поле зроку паліцыі па крымінальных справах, маючы за плячыма толькі адміністрацыйныя спагнанні.

Мяркуецца, што падазраваны ўсё яшчэ можа знаходзіцца ў Коўне ці ваколіцах, хаця не выключана, што ён перабраўся ў іншы горад. Паліцыя папярэджвае, што Мікутавічус вядзе даволі замкнёны лад жыцця, мае невысокі даход, таму можа перасоўвацца пешшу або на грамадскім транспарце.

Следства высветліла матывы сувязі забойцы з ахвярамі. Першая загінулая дзяўчына — стрыечная сястра Мікутавічуса. Яны жылі ў адной кватэры. Другая ахвяра была звязаная з ім праз арэнду жылля: верагодна, ён дамовіўся паглядзець кватэру, якую дзяўчына здавала або здымала.

Гэтую версію пацвярджаюць і паведамленні ў сацыяльных сетках. У фэйсбуку яшчэ адна жанчына падзялілася перапіскай з Мікутавічусам. Ён тэлефанаваў па аб'яве і хацеў зайсці паглядзець яе кватэру ў чацвер, 4 снежня, пасля абеду, каля 14‑й гадзіны.

«Божа! Мяне ўчора маглі зарэзаць. Гэты чалавек дамовіўся са мною, што зойдзе, але так і не з'явіўся ўчора. Сёння ад раніцы дрыжаць рукі і ногі пасля таго, як я даведалася, што гэта маньяк. Я яму сказала і коды дзвярэй, і паверх, але ён не прыйшоў. Я яшчэ сама яму пісала і тэлефанавала, калі ён не прыйшоў, каб даведацца, дзе ён. Не магу паверыць, што цудам засталася жывая», — цытуе словы жанчыны Delfi.lt.

Фота: Галоўны камісарыят паліцыі Ковенскай акругі (Kauno AVPK)

Журналісты пабывалі ў Таўрагскім раёне, у вёсцы Жыгайчай, адкуль паходзіць падазраваны, і пагутарылі з аднавяскоўцамі, якія ведаюць бацькоў як ахвяры, так і забойцы. Людзі называюць абедзве сям'і нармальнымі і сцвярджаюць, што могуць сказаць пра іх толькі добрае. Вядома, што бацькі Бэнаса разведзеныя, бацька знаходзіцца за мяжой, у сям'і ёсць яшчэ брат і сястра.

Мясцовыя адзначаюць некаторыя асаблівасці паводзін Мікутавічуса. Па іх словах, хлопец быў з дзівацтвамі, пры сустрэчы ніколі не падымаў вачэй і глядзеў уніз.

Па словах мясцовых жыхароў, кватэру ў Коўне стрыечным брату і сястры здымалі супольна бацькі з абодвух бакоў. Аднак, па чутках, сястра фактычна ўтрымлівала брата, які ні за што не плаціў і сядзеў нахлебнікам. Агрэсіі за ім раней не заўважалі.

Жыхары таксама падзяліліся важнай дэталлю, якая можа растлумачыць матыў першага забойства. Па іх словах, менавіта 4 снежня дзядзька (сваяк абаіх маладых людзей) павінен быў прыехаць у кватэру ў Коўне, каб забраць рэчы Бэнаса і выселіць яго.

Землякі ўпэўненыя, што бацька не будзе пакрываць сына, але не ведаюць, дзе той можа хавацца без грошай.

Паліцыя паведаміла, што Мікутавічус абвешчаны ў агульнанацыянальны вышук, а ў найбліжэйшы час плануецца ініцыяваць і міжнародны.

Грамадзян папярэджваюць, што мужчына можа паводзіць сябе неадэкватна і ўяўляць пагрозу, таму катэгарычна рэкамендуецца спрабаваць не затрымліваць яго самастойна, а тэлефанаваць у паліцыю.

Чытайце таксама:

Пад Магілёвам хлопец забіў сужыцельку з-за рэўнасці да малодшага брата

У Празе судзяць футбольнага фаната за замах на забойства беларуса

Лосік расказаў пра жорсткае забойства ў камеры ізалятара ў Барысаве

Каментары да артыкула