БЕЛ Ł РУС

Захаду варта пераглядзець стратэгію адносна Беларусі — інакш прарасійскія настроі будуць расці

30.12.2025 / 16:20

Даніла Луцкевіч

Свежыя даныя апытанняў Chatham House паказваюць, што ў беларускім грамадстве назіраецца пэўнае павелічэнне сімпатый да Расіі. Журналіст «Нашай Нівы» Даніла Луцкевіч у артыкуле «Закрываючыся ад беларусаў, Захад міжволі штурхае іх да Расіі» прадказаў такое развіццё падзей яшчэ ў канцы 2023 года. Аўтар разважае, чаму гэты прагноз спраўдзіўся і што варта рабіць, каб пераламіць тэндэнцыю.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: БелТА

Як змяняюцца настроі

У апошнім апытанні Chatham House можна ўбачыць, што ў Беларусі вырас працэнт тых, хто ў пытаннях замежнай палітыкі падтрымлівае саюз з Расіяй. За гэта выказаліся 44% апытаных сёлета ў жніўні-лістападзе. Для параўнання, у верасні 2020 года такіх было ўсяго 27%. Прычым доля тых, хто сімпатызуе Расіі ў пытаннях замежнай палітыкі, перш за ўсё павялічылася за кошт скарачэння долі тых, хто раней выступаў за адначасовы саюз з РФ і ЕС, з 41 да 22%.

Доля прыхільнікаў Еўрасаюза за гэты перыяд вырасла з 9 да 15%.

Можна і, напэўна, варта ставіцца да вынікаў апытанняў Chatham House з пэўнай доляй скептыцызму, але адмаўляць тэндэнцыю — гэта падманваць сябе, тым больш, што на аналагічныя тэндэнцыі ўказваюць вынікі сацыялагічнага маніторынгу iSANS.

Для таго каб тэндэнцыя спынілася, Захаду трэба змяніць стратэгію адносна Беларусі — калі быць дакладней, то беларускага грамадства.

Намагацца перацягнуць на свой бок Лукашэнку не мае ніякага сэнсу. Апроч таго, што Лукашэнка даўно не ў тым становішчы, каб мець магчымасць праводзіць хоць бы шматвектарную палітыку, ён па сваёй сутнасці чалавек савецкі і прарасійскі, таму арыентацыя на Крэмль для яго абсалютна натуральная з'ява.

Лукашэнка і Пуцін. Фота: Ramil Sitdikov Pool Photo via AP

Таму Захаду варта больш выразна аддзяляць рэжым Лукашэнкі ад беларускага грамадства. Тым больш, што 2020 год выдатна паказаў, што рэжым і грамадства могуць развівацца ў розных кірунках.

Цяперашнія змены ў замежнапалітычных сімпатыях цалкам прадказальныя. Пра тое, што закрываючыся ад беларусаў, Захад міжволі штурхае іх да Расіі, я пісаў у лістападзе 2023 года.

І было б вельмі і вельмі дзіўна, калі б адбывалася наадварот.

Чаму так адбываецца?

Калі глядзець агулам, то Беларусь за апошнія гады стала максімальна ізаляванай ад Захаду агулам і Еўрасаюза ў прыватнасці.

Так, Еўрасаюз робіць нямала для беларускай грамадзянскай супольнасці. ЕС вылучыў на 2026 год 30 мільёнаў еўра на падтрымку беларускага народа (такая ж сума была вылучана і на 2025 год). Гэтыя грошы пойдуць на фінансавую падтрымку праваабаронцаў, былых палітзняволеных, медыя, іншых структур грамадзянскай супольнасці. Аднак гэтага недастаткова, каб паўплываць на людзей унутры краіны.

Выехаць з Беларусі ў ЕС вельмі складана, і да нядаўняга адкрыцця двух пунктаў пропуску Польшчай сітуацыя з выездам толькі горшала (апытанне Chatham House праводзілася ў жніўні-лістападзе, а Баброўнікі і Кузніцу адкрылі толькі 17 лістапада).

Тым не менш, адкрыць візу ўсё адно цяжка і дорага, таму без змен у візавай палітыцы даступнасць Еўропы застанецца нізкай.

І гэта не толькі пра турызм, але і аб працы, адукацыі і магчымасці пабачыцца з сваякамі, якія не могуць ці проста асцерагаюцца паехаць у Беларусь.

Вільня. Фота: «Наша Ніва»

У сваю чаргу, магчымасць на ўласныя вочы пабачыць, як «загнівае і замярзае Захад», пра што кажа беларуская і расійская прапаганда, заўсёды была лепшай прышчэпкай ад уплыву прапаганды.

Што Захад робіць не так?

Пры гэтым, на вялікі жаль, на Захадзе нярэдка прымаліся і працягваюць прымацца захады ў дачыненні да беларусаў, якія робяць падарунак рэжымам Пуціна і Лукашэнкі.

Калі некаторыя краіны забараняюць ехаць да іх на аўто з беларускімі нумарамі, скарачаюць аўтобусныя рэйсы, то прапагандзе не трэба хлусіць, кажучы пра тое, што ніхто ў Еўропе вас не чакае і вы там нікому не патрэбныя.

Частка санкцый, якія працягваюць з'яўляцца, таксама ў першую чаргу б'е па звычайных людзях, а не па рэжыму Лукашэнкі, бо той дакладна не паедзе ў Еўрасаюз па бытавую хімію ці новы ноўтбук.

Гэтыя і некаторыя іншыя абмежаванні складана зразумець беларускаму грамадству — чаму нельга набыць пральны парашок у Польшчы або Літве і потым, аформіўшы такс-фры, ехаць назад.

Польскі памежны пераход Баброўнікі (з беларускага боку — Бераставіца). Фота: Наша Ніва

Напэўна, шараговаму беларусу складана зразумець, чаму яму нельга прыгнаць сабе ўмоўную BMW 5‑й серыі 2021 года выпуску з рухавіком 2 літры і заплаціць па льгоце 2700 еўра мыта, але можна прыгнаць BMW 5‑й серыі 2019 года выпуску і заплаціць пры гэтым 4800 еўра мыта замест 2700.

Блакаванні рахункаў беларусаў у еўрапейскіх банках, дадатковыя складанасці з легалізацыяй… Усе гэтыя захады б'юць не па лукашыстах — тыя і так рахункаў у Еўропе не заводзяць. Яны б'юць па людзях, якія імкнуцца мець запасную пляцоўку ў ЕС і яўна не спрыяюць таму, каб раслі сімпатыі да Еўропы.

Сама па сабе ідэя па змоўчанні ставіць знак роўнасці паміж рэжымам Лукашэнкі і беларусамі крыўдная для многіх, асабліва калі ўлічваць кантэкст масавых пратэстаў 2020 года і наступных рэпрэсій, якія не спыняюцца ўжо шосты год запар.

Пратэсты ў 2020-м. Фота: LookByMedia

Паміж пратэстамі, пра якія казаў увесь свет, масавай падтрымкай беларусаў, і пачаткам паўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны дзе Беларусь не па волі народу стала саўдзельніцай агрэсіі, прайшло ўсяго крыху больш за год.

І ў выніку беларусы з «класных людзей», якіх яшчэ ўчора ўсе падтрымлівалі, сталі непажаданымі асобамі і ў пэўным сэнсе ўспрымаюцца як ворагі, якіх трэба пакараць за дзеянні рэжыму, які яны не выбіралі і не падтрымлівалі.

Гэта таксама магло паслужыць пэўным трыгерам для часткі грамадства і нават выклікаць крыўду. Асабліва, калі гэта былі хутчэй нейтралы, чым яўна праеўрапейскія людзі.

І адбываецца гэта ўсё на фоне татальнай зачысткі медыя і высілкаў лукашэнкаўскай і расійскай прапаганды.

Што можна зрабіць?

Калі Еўрасаюз на сваіх усходніх межах хоча мець краіну, насельніцтва якой пазітыўна ставіцца да ЕС і хоча мець добрыя адносіны са сваімі заходнімі суседзямі, то стратэгію адносін варта перагледзець. Беларусы павінны адчуваць, што Захад не супраць іх, што ён гатовы дапамагчы ім не трапіць цалкам у рукі Крамля. Беларусам на ўласныя вочы карысна бачыць, як жыве вольны свет без нязменных дыктатараў ва ўладзе.

Такая падтрымка беларусаў — у інтарэсах самой Еўропы, бо лепш мець побач дыктатуру з насельніцтвам, якое пазітыўна глядзіць на цябе, чым дыктатуру, дзе народ азлоблены на Захад і шчыра бачыць у ім ворага і пагрозу.

А такія настроі не могуць развівацца ва ўмовах, калі з боку Захаду шараговы беларус бачыць выключна забароны і абмежаванні.

У сваю чаргу, сам факт максімальнай ізаляцыі беларусаў ад Еўропы — гэта акурат тое, што трэба Лукашэнку. Ён сам не прыхоўвае, што выступае супраць таго, каб беларусы ездзілі туды вучыцца і працаваць, бо прыязджаюць адтуль з «прамытымі мазгамі».

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Getty Images

Лукашэнка зачысціў усе незалежныя СМІ і НДА ўнутры краіны. Рэжым зразумеў, што свабоднае грамадства не захоча жыць пры дыктатуры, таму народ трэба максімальна адарваць ад Захаду і каштоўнасцей права і свабоды.

Захаду пара пераглядзець палітыку ў дачыненні да простых грамадзян Беларусі, каб яны маглі бачыць і адчуваць пазітыўныя сігналы.

Чытайце таксама:

Змрочныя прагнозы спраўджваюцца. Чаму Захад абірае стратэгію «Не злаваць дзеда» і чаго чакаць далей

Каментары да артыкула