Памёр Найдзен Вылчаў
3 снежня 2025 года памёр вядомы балгарскі паэт, публіцыст і перакладчык Найдзен Вылчаў. Яму было 98 гадоў. Сярод іншага ён шмат перакладаў на балгарскую мову твораў беларускіх пісьменнікаў, з многімі з іх быў асабіста знаёмы.
Найдзен Вылчаў у 2023 годзе. Фота: БТА
Найдзен Вылчаў нарадзіўся 30 жніўня 1927 года.
У 1951 годзе скончыў юрыдычны факультэт Сафійскага ўніверсітэта.
Пасля вучобы працаваў у журналістыцы: быў рэдактарам вайсковых выданняў, а пазней — супрацоўнікам і кіраўніком шэрагу літаратурных часопісаў, сярод якіх «Септември» і «Съвременник». У канцы 1980‑х узначальваў Саюз перакладчыкаў Балгарыі, а ў 1990‑х працаваў дыпламатам.
Творчы шлях Вылчава пачаўся яшчэ ў школьныя гады. Першы паэтычны зборнік выйшаў у 1953 годзе, а ў наступныя дзесяцігоддзі з’явілася каля дваццаці кніг яго вершаў. Ён таксама пісаў дзіцячую літаратуру пад псеўданімам «Чык Чырык».
Як публіцыст Вылчаў выдаў некалькі кніг нарысаў пра вядомых дзеячаў культуры розных краін, у тым ліку балгарскіх, беларускіх і расійскіх пісьменнікаў.
Найдзен Вылчаў (злева) з беларускім драматургам Андрэем Макаёнкам. 1976 год
Ён перакладаў творы многіх славянскіх паэтаў, у тым ліку беларускіх. З беларускай літаратуры сярод іншага пераклаў вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Васіля Віткі, Анатоля Вялюгіна, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага, аповесці Васіля Быкава. У сваю чаргу, беларускія паэты — сярод іх Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін — перакладалі творы самога Вылчава.
У 2000 годзе выбраныя пераклады Найдзена Вылчава твораў з беларускай літаратуры выйшлі асобным выданнем «Беларуската моя тетрадка».
Чытайце таксама:
Памёр Ілля Жалезнякоў — беларус, якому ў Польшчы перасадзілі сэрца
Памёр драматург і рэжысёр Том Стопард. Ён быў сябрам беларусаў