Cмехаёга: мастацтва выклікаць смех штучна
Смехаёга — гэта практыка, якая ўзнікла ў 1995 годзе ў Мумбаі. Яна спалучае тэхнікі смеху без прычыны, гульнявыя практыкаванні і ёгу, і ў яе тысячы прыхільнікаў ва ўсім свеце.
На занятках смехаёгай. Фота: Linda Davidson / The Washington Post via Getty Images
У сучасным свеце, поўным стрэсу і бясконцых трэба-трэба-трэба, мы прызвычаіліся лічыць, што смех — гэта рэдкае шчасце, рэакцыя на нешта — на ўдалы жарт, добрае шоу ці камічную сітуацыю. Аднак існуе практыка, якая перакульвае гэтае ўяўленне з ног на галаву. Яна даказвае, што смех можа быць не вынікам, а ўсвядомленым выбарам і нават фізічным практыкаваннем.
Гэтая методыка называецца «смехаёга», ці «ёга смеху» (Laughter Yoga), альбо Хас’я-ёга. Гэта ўнікальная праграма практыкаванняў, якая стаіць на трох кітах: безумоўны смех (як пры дзіцячай гуллівасці), дыхальныя тэхнікі ёгі (пранаяма) і медытацыя ўсвядомленасці. Такі комплексны падыход, сцвярджаюць яго стваральнікі, дапамагае чалавеку здабыць гармонію не толькі цела, але і духу.
Ад гарадскога парку да сусветнага руху
Гісторыя гэтага руху пачалася ў 1995 годзе ў індыйскім горадзе Мумбаі. Сямейны доктар Мадан Катарыя, які даўно цікавіўся ўплывам эмоцый на здароўе, разам са сваёй жонкай Мадхуры вырашыў правесці эксперымент. Яны сабралі невялікую групу з усяго пяці чалавек — самі і трое сяброў. Першапачаткова іх метад быў простым: удзельнікі па чарзе расказвалі анекдоты, каб падняць адзін аднаму настрой.
Гэтай мадэлі хапіла ненадоўга. За некалькі тыдняў запас жартаў вычарпаўся, некаторыя гісторыі сталі нетактоўнымі або недарэчнымі. Каб выратаваць клуб і працягнуць «тэрапію радасцю», доктар Катарыя звярнуўся да навукі.
Ён мадэрнізаваў і структураваў ідэі піянераў гелаталогіі (навукі пра смех) 1960‑х гадоў і прыйшоў да рэвалюцыйнай высновы: смех не абавязкова павінен быць рэакцыяй на гумар.
Смехаёга вучыць выклікаць радасць «па камандзе», выкарыстоўваючы смех як інструмент для кіравання стрэсам, спараджаючы аптымізм і пазітыў. Вы не заўсёды можаце разлічваць на вонкавыя трыгеры, каб рассмяяцца. Смяяцца без прычыны — карысна. Гэта была галоўная ідэя доктара Катарыі.
Лічыцца, што смехаёга дапамагае лепш кіраваць стрэсам з дапамогай дыхальных практык. Гэта дазваляе засвойваць больш кіслароду, што актывізуе парасімпатычную нервовую сістэму — натуральную сістэму расслаблення вашага цела.
Катарыя стварыў сістэму з сарака базавых практыкаванняў, заснаваных на паўсядзённых сітуацыях, якія дазваляюць выклікаць смех штучна.
На святкаванні 30‑годдзя смехаёгі. Горад Наіда, Індыя. 13 сакавіка 2025 года. Фота: Sunil Ghosh / Hindustan Times via Getty Images
Пазней гэты вопыт быў апісаны ім у бэстсэлеры 2002 года «Смейся без прычыны» (Laugh For No Reason). Рух не спыняецца ў развіцці: у 2021 годзе выйшла новая кніга Катарыі з абноўленымі навуковымі данымі і практыкамі.
Сёння гэты рух разросся. Смехаёгу практыкуюць у больш чым 120 краінах свету, а тысячы клубаў дзейнічаюць як ужывую, так і віртуальна — ад універсітэцкіх гарадкоў і офісаў буйных кампаній да дамоў састарэлых.
Як праходзяць заняткі смехаёгай
Звычайна заняткі праходзяць у групах пад кіраўніцтвам інструктара. Атмасфера на такіх сустрэчах накіраваная на тое, каб зняць унутраныя бар'еры, пазбыцца крытычнай ацэнкі сябе і пакінуць сваё «эга» за дзвярыма.
Сесія часта пачынаецца з рытмічнага пляскання ў ладкі — «раз-два, раз-два-тры» — якое суправаджаецца рытмічнымі воклічамі «хо-хо, ха-ха-ха». Гэта дапамагае разагрэць цела, актывізаваць дыяфрагму і наладзіць групу на адзіную хвалю.
Далей ідуць гульнявыя і імітацыйныя практыкаванні. Яны могуць здацца дзіўнымі для старонняга назіральніка, але менавіта ў гэтым іх сіла. Напрыклад:
Смех як вітанне: замест слоў удзельнікі вітаюць адзін аднаго радасным рогатам і поціскам рукі.
Маўклівы смех: практыкаванне, дзе трэба смяяцца без гуку, шырока адкрываючы рот, часта прыводзіць да некантраляванага выбуху сапраўднай весялосці.
Медытацыя смеху: звычайна завяршае сесію. Вы пачынаеце з лёгкай усмешкі, якая паступова перарастае ў глыбокі, спантанны смех, дазваляючы цалкам ачысціць розум.
Увесь працэс шчыльна пераплецены з дыхальнымі практыкамі ёгі. Глыбокае дыханне дазваляе насыціць арганізм, і асабліва мозг, кіслародам. Гэта актывуе парасімпатычную нервовую сістэму — натуральны механізм расслаблення нашага цела.
На занятках смехаёгай у Індыі. Фота: Sunil Ghosh / Hindustan Times via Getty Images
Ці смехаёга сапраўды эфектыўная?
Вы, напэўна, заўважалі, што смех можа прыносіць імгненную карысць, напрыклад, паляпшае настрой. Аднак усё больш увагі надаецца доўгатэрміновым перавагам рэгулярнага штодзённага смеху. На іх звяртае ўвагу выданне Healthline.
Па-першае, смех вызваляе эндарфіны і «гармоны шчасця», такія, як дафамін і сератанін.
Акрамя таго, ён прыгнятае гармоны стрэсу, такія як картызол. Гэтыя эфекты звязаны з лепшым настроем, памяншэннем болю, зніжэннем артэрыяльнага ціску, мацнейшай імуннай сістэмай, а таксама больш нізкім узроўнем стрэсу і паказчыкаў дэпрэсіі.
Больш за тое, калі смяешся ты, а побач смяюцца іншыя, гэта збліжае цябе з людзьмі. Смех таксама звязаны з пачуццем бяспекі і абароненасці, ён дазваляе чалавеку расслабіцца.
Многія даследчыкі мяркуюць, што арганізм не можа адрозніць фальшывага (сімуляванага) і сапраўднага (спантаннага) смеху. Калі так, то значыць, што вы можаце атрымаць карысць, проста прымушаючы сябе смяяцца.
Вялікі мета-аналіз навуковых публікацый паказаў, што сімуляваны смех зніжае ўзровень дэпрэсіі і паляпшае настрой. Аўтары адзначылі, што практыкаванні са смехам патрабуюць мала кагнітыўных намаганняў і не залежаць ад суб'ектыўнага ўспрымання гумару, а значыць, большасць людзей можа лёгка ўдзельнічаць.
Іншыя даследаванні паказалі, што смехаёга можа дапамагчы часова знізіць узровень картызолу і стрэсу, палепшыць настрой і ўзровень энергіі, а таксама сфармаваць больш пазітыўнае мысленне. Фактычна, яна можа быць такой жа эфектыўнай у зніжэнні стрэсу (паводле самаацэнкі), як і аэробныя практыкаванні.
Тым не менш, некаторыя эксперты сцвярджаюць, што малыя памеры выбарак, суб'ектыўнасць і недахоп узгодненасці паміж даследаваннямі ўскладняюць разуменне таго, наколькі карысная ёга смеху для фізічнага і ментальнага здароўя насамрэч. Трэба больш маштабныя даследаванні, каб дакладна казаць.
І, хоць ёга смеху можа дапамагчы падтрымаць лепшае псіхічнае і фізічнае здароўе, яна не павінна замяняць тэрапіі, прызначанай вашым доктарам. Хутчэй, яе варта выкарыстоўваць у спалучэнні з традыцыйным лекаваннем.
Падчас заняткаў ёгай смеху. Фота: Don Bartletti / Los Angeles Times via Getty Images
Смехаёга даступныя ўсім
Вялікая перавага ёгі смеху — яе даступнасць. Ёй можна займацца нават у адзіноце. Хоць спачатку смяяцца перад люстэркам можа быць няёмка, за некалькі хвілін штучны смех робіцца натуральным, прыносячы палёгку. Для дасягнення ўстойлівага эфекту дастаткова прысвячаць гэтаму ўсяго 10—15 хвілін 2—3 разы на тыдзень.
Такім чынам, смехаёга — гэта не проста набор дзіўных практыкаванняў, а філасофія жыцця. Яе галоўны прынцып: шчасце — унутры нас. І мы можам атрымаць да яго ключ у любы момант, проста зрабіўшы глыбокі ўдых і рассмяяўшыся.
Чытайце таксама:
Сацсеткі ў захапленні ад метыленавага сіняга. Ён сапраўды дапамагае?