БЕЛ Ł РУС

Прэм'ер Бельгіі прызнаўся, што Расія пагражала яму асабіста за згоду на размарожванне расійскіх актываў

4.12.2025 / 21:18

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністр Бельгіі Барт Дэ Вевер паведаміў, што Расія пагражала яму асабіста ў выпадку канфіскацыі замарожаных расійскіх актываў. Еўракамісія апублікавала юрыдычнае абгрунтаванне для перадачы Украіне 210 мільярдаў еўра расійскіх рэзерваў, але Бельгія адмовілася даць на гэта згоду. Дэ Вевер адзначыў, што Масква заявіла — у выпадку канфіскацыі Бельгія і ён асабіста будуць адчуваць наступствы «вечна», піша The Moscow Times.

Барт Дэ Вевер. Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert

«Масква дала нам зразумець, што ў выпадку канфіскацыі Бельгія і я асабіста будзем адчуваць наступствы вечна. Здаецца, гэта даволі доўга», — працытавала бельгійскае выданне La Libre выступленне Дэ Вевера 1 снежня на каталіцкай канферэнцыі.

Па словах Дэ Вевера, падчас вайны суверэнныя актывы замарожваюцца, а пасля заканчэння канфлікту краіна, якая прайграла, павінна часткова або цалкам адмовіцца ад іх, каб кампенсаваць шкоду. Аднак ён сумняваецца, што Расія сапраўды прайграе ва Украіне, бо гэта можа прывесці да нестабільнасці ў краіне з ядзернай зброяй.

Бельгія выстаўляе Еўракамісіі жорсткія ўмовы для згоды на перадачу рэзерваў, якія замарожаныя ў дэпазітарыі Euroclear. Для прадухілення вяртання сродкаў у Расію прапануецца абгрунтаваць перадачу як «надзвычайную сітуацыю», выкліканую дзеяннямі Расіі падчас вайны ва Украіне. Гэта дазволіць прыняць рашэнне кваліфікаванай большасцю — дзвюма трацінамі галасоў краін ЕС, а не аднагалосна.

Вышэйшыя чыноўнікі ЕС прызнаюць, што рашэнне будзе аспрэчана ў судзе і, магчыма, адменена, але іншых варыянтаў практычна няма. Былы кіраўнік юрыдычнай службы Рады ЕС Жан-Клод Пірыс адзначае, што гэта «выключная, вельмі складаная сітуацыя», але важнасць рашэння прымушае яго прасоўваць, паколькі ідзе вайна.

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц у пятніцу прыбудзе ў Брусель, каб пераканаць Дэ Вевера пагадзіцца на план Еўракамісіі. Час на дасягненне кампрамісу вельмі абмежаваны — гэта трэба зрабіць да саміту лідараў ЕС 18 снежня. Мерц падкрэсліў, што Бельгія не можа спадзявацца толькі на палітычныя абяцанні, а перамовы павінны пачацца і завяршыцца як мага хутчэй.

Чытайце таксама:

Да краін, якія блакуюць прыняцце новага пакета санцый ЕС супраць Расіі, далучылася Аўстрыя

«Зарабляйце, а не ваюйце». Трамп і Уіткаф вераць, што Пуцін можа пайсці на мір дзеля прыбыткаў. Або самі мараць аб зыску

У Еўропе абураныя намерам Трампа нагрэць рукі на замарожаных ЕС расійскіх актывах

Кіраўніца Euroclear: Калі ЕС вырашыць канфіскаваць расійскія актывы, мы звернемся ў суд

Каментары да артыкула