Урад падкарэктаваў сістэму цэнавага рэгулявання. Асаблівая ўвага — на агуркі і памідоры
Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову Савета Міністраў, якая ўносіць шэраг зменаў у сістэму цэнавага рэгулявання. Як адзначаецца ў дакуменце, асноўная мэта — прадухіленне спекулятыўнага росту цэн і абгрунтаванне павышэння цэнаў вытворцамі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
У прыватнасці, урад узяў пад кантроль рост цэн на агуркі і памідоры. Цяпер вытворцы не змогуць павышаць цэны на гэтыя прадукты больш чым на 0,3% у месяц без папярэдняга абгрунтавання перад Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаў пры Савеце Міністраў.
Новыя правілы прадугледжваюць адмену некаторых адміністрацыйных працэдур: цяпер не патрабуецца ўзгадненне рэалізацыі беларускіх спажывецкіх тавараў для іх продажу за мяжой. Гэта, як падкрэсліваецца, павінна спрасціць экспарт і знізіць бюракратычныя бар’еры.
Акрамя таго, скарачаецца спіс тавараў, на якія распаўсюджваецца цэнавае рэгуляванне — з 211 да 199 пазіцый. У спіс рэгуляваных тавараў унесены карэктывы: змены тычацца канцылярскіх тавараў, марожанай рыбы і сокавай прадукцыі.
Адмененыя абмежаванні на стымуляцыйныя выплаты і ўзнагароджанні, якія могуць давацца пастаўшчыкамі за куплю імпартных нехарчовых тавараў, за паслугі па прасоўванні прадукцыі і іншыя віды заахвочвання. Таксама з рэгулявання выключаюцца тавары, якія прадаюцца ў цягніках міжнароднага спалучэння.
У пастанове прадугледжваецца павышэнне максімальных надбавак на дзіцячыя цацкі і лінолеум, што дазволіць рознічным гандлярам больш гнутка фарміраваць цэны на гэтыя тавары.
Іншыя важныя змены ўключаюць падаўжэнне да канца 2026 года права аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама зацвярджаць спіс арганізацый і аперацый, паміж якімі дазволены таварны абмен. Таксама ўдакладняюцца падыходы да фарміравання цэн пастаўшчыкамі і закупшчыкамі, якія не з’яўляюцца вытворцамі, у рамках дзяржаўнай замовы на плодаагародніну.
Змены ў сістэме цэнавага рэгулявання ўступаюць у сілу пасля афіцыйнай публікацыі пастановы Савета Міністраў.
Чытайце таксама:
Чыноўнікі публічна прызналі, што бульбы ў крамах не хапіла з-за рэгулявання цэн
Зацвердзілі праграму дзеянняў па стабілізацыі цэн
Урад скараціў пералік тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню