БЕЛ Ł РУС

Беларусь і Алжыр прынялі дарожную карту развіцця адносін

3.12.2025 / 16:19

Nashaniva.com

Беларусь і Алжыр падпісалі сумесную заяву аб умацаванні сяброўскіх і партнёрскіх адносін пасля афіцыйных перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Алжыра Абдэльмаджыдам Тэбунам. У прысутнасці абодвух палітыкаў быў падпісаны і пакет дакументаў, галоўны з якіх — дарожная карта супрацоўніцтва на 2026—2027 гады, паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка і Абдэльмаджыд Тэбун. Скрыншот відэа

Як растлумачыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч, дарожная карта не змяшчае канкрэтных кантрактаў — толькі асноўныя напрамкі і адказных за іх рэалізацыю, а таксама тэрміны. Дакумент разлічаны на два гады, бо сітуацыя ў свеце хутка змяняецца і планаванне на больш працяглы перыяд можа быць неэфектыўным.

Карповіч пры гэтым адзначыў, што алжырскія партнёры — людзі ўсходняга менталітэту, і часам пытанні вырашаюцца складана. Наступнае пасяджэнне міжурадавай камісіі прызначанае на першую палову лютага 2026 года ў Мінску.

Бакі таксама падпісалі пагадненні ў галіне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва, аховы здароўя жывёл, навуковых даследаванняў, тэхналагічнага развіцця і інавацый. На ўзроўні ведамстваў заключаныя мемарандумы аб узаемаразуменні ў прававой сферы, сельскай гаспадарцы, прамысловасці, прадпрымальніцтве, інавацыях і вышэйшай адукацыі.

Акрамя таго, быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні ў сферы акрэдытацыі паміж Беларускім дзяржаўным цэнтрам акрэдытацыі і аналагічнай алжырскай арганізацыяй ALGERAC.

Чытайце таксама:

Лукашэнка накіроўваецца ў Алжыр

Віктара Лукашэнку ў Амане назвалі «спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта»

Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля

Лукашэнка завяршыў візіт у М'янму

Каментары да артыкула