БЕЛ Ł РУС

Лосік расказаў, як у жніўні 2020 года ў СІЗА яму загадалі збіраць рэчы і рыхтавацца ехаць дадому

2.12.2025 / 23:36

Nashaniva.com

Былы палітвязень Ігар Лосік, вызвалены і выдвараны з Беларусі 11 верасня, у фэйсбуку расказаў пра адзін з эпізодаў свайго больш чым пяцігадовага зняволення, які адбыўся ў тыя дні, калі ў Беларусі быў самы пік народных пратэстаў. 

Ігар Лосік. Фота: «Наша Ніва»

18 жніўня 2020 года (гэта быў дзень нараджэння Ціханоўскага) мяне рэзка паднялі ўначы ў камеры і сказалі збіраць рэчы. Я спытаў, а куды? І мне адказалі: паедзеш дадому!

Проста не перадаць, што я тады перанёс, якую буру пачуццяў, якая эйфарыя была, нават рэчаў амаль не забраў ніякіх і ўсё пакінуў сукамерніку.

У гэта верылася, бо прайшло 2 дні з таго самага легендарнага маршу, на заводах пачаліся забастоўкі, а Качанава выступіла са зваротам, што ўсіх выпускаюць з сутак. Дык вось збегаў я па лесвіцы і сэрца літаральна выскоквала з грудзей.

Завялі мяне ў адстойнік і я стаў чакаць. Праз гадзіну я разумею, што нешта не тое адбываецца, што выпускаць мяне чамусьці не спяшаюцца. Тут адчыняюцца дзверы, мяне заломваюць нейкія бугаі ў чорных балаклавах і ластаўкай даносяць да пакоя, дзе пачалі шманаць мае рэчы. Усё, што засталося, паламалі, парвалі, крэмы, зубную пасту выціснулі на падлогу, паштоўкі парвалі і як бервяно пад адборнае мацюканне кінулі ў аўтазак.

Я ў поўным шоку, ехаў і думаў, што хутчэй за ўсё ў Лукашэнкі «свістанула фляга» на фоне пратэстаў і мяне вязуць у лес расстрэльваць, бо я быццам пачуў, што са мной у аўтазаку Статкевіч ехаў. Ну, падрыхтаваўся паміраць ужо.

Але аўтазак прыехаў на Жодзіна, мяне па доўгіх і змрочных катакомбах прывялі на зборны пункт, а там усё ў крывішчы. Адбіткі крывавых рук на сценах і лужына з крывёй на падлозе. Я яшчэ ў большым шоку, асабліва пасля таго як мне абвясцілі, што еду дадому.

У выніку а 4‑й раніцы закінулі ў камеру і на Жодзіна я прасядзеў да свайго дня нараджэння 20 траўня, на якое мне таксама зрабілі падарунак і павезлі этапам у Гомель.

Пра Жодзіна, галадоўкі, спробу суіцыду, вошай і шызафрэнікаў я яшчэ асобны пост напішу.

Чытайце таксама:

Лосік расказаў, як Бабарыку катавалі ў наваполацкай калоніі

«Штосьці ўдавалася перадаваць Бабарыку». Лосік расказаў, як арганізаваў у калоніі сетку распаўсюду інфармацыі

Лосік расказаў, як два месяцы таму сустрэў па дарозе ў калонію Пальчыса

Лосік: Я мусіў выйсці ў чэрвені разам з Бяляцкім, але ў апошнюю хвіліну нас замянілі на іншых

Прынамсі ў часткі палітвязняў перад тым, як выслаць з Беларусі, адабралі пашпарты

Каментары да артыкула