На аўкцыёне прадалі карціну Рубенса, якая некалькі стагоддзяў лічылася страчанай
У Францыі на аўкцыёне прадалі карціну знакамітага фламандскага мастака Пітэра Паўля Рубенса «Ісус Хрыстос на крыжы», якая лічылася страчанай больш за чатыры стагоддзі. Карціна 1613 года была выпадкова знойдзена аўкцыяністам Жанам-П’ерам Асенатам у адным парыжскім маёнтку перад яго продажам, паведамляе The Guardian.
Фота: The Guardian
Аўкцыённы дом меркаваў, што работа прынясе ад 1 да 2 мільёнаў еўра, але ў выніку яна была прададзена за 2,3 мільёна еўра. Асенат назваў карціну сапраўдным шэдэўрам, створаным Рубенсам у перыяд росквіту яго таленту. Ён адзначыў, што твор паказвае распятага Хрыста на фоне цёмнага, пагрозлівага неба — пачатак сапраўднага барока ў жывапісе.
Аўтэнтычнасць карціны пацвердзіў нямецкі даследчык Нільс Бютнер, адзін з вядучых спецыялістаў па фламандскім барока. Па яго словах, Рубенс часта звяртаўся да тэмы распяцця, але вельмі рэдка паказваў Хрыста ўжо мёртвым на крыжы. Гэтая ж работа ўнікальная тым, што на ёй бачныя кроў і вада, якія выцякаюць з раны на яго баку — падобную сцэну мастак намаляваў толькі раз.
Пра карціну «Ісус Хрыстос на крыжы» доўгі час было вядома мала: гісторыкі ведалі пра яе толькі дзякуючы гравюры аднаго з сучаснікаў Рубенса, хоць саму карціну ніхто не бачыў.
Пітэр Паўль Рубенс (1577-1640) — адзін з найвыбітнейшых мастакоў барока, аўтар каля трох тысяч твораў: алтарных кампазіцый, партрэтаў, пейзажаў і маштабных гістарычных карцін. Ён таксама займаўся дызайнам гравюр, шпалераў і архітэктурных праектаў, кіраваў вялікай майстэрняй у Антверпене і пакінуў велізарную мастацкую спадчыну.
Чытайце таксама:
У Парыжы знайшлі карціну Рубенса, якая лічылася зніклай
Facebook выдаляе карціны Брэйгеля і Рубенса, бо яны парушаюць правілы сацыяльнай сеткі
Карціны з калекцыі Віктара Бабарыкі зноў спрабуюць прадаць
Карціну Густава Клімта прадалі за $236 мільёнаў. Гэта рэкорд
Дзіўную і злавесную карціну Фрыды Кала купілі за рэкордныя для жанчыны-мастачкі грошы
«Ідуць шляхам Бабарыкі»: Мікіта Моніч адказаў Радзівону Коласу на крытыку ініцыятывы Maldzis