БЕЛ Ł РУС

У якіх краінах беларусам можна хутчэй атрымаць грамадзянства?

2.12.2025 / 16:44

Nashaniva.com

Польшча, дзе жыве асноўная частка беларускіх мігрантаў, плануе зрабіць больш строгімі патрабаванні да атрымання свайго грамадзянства. Для многіх беларусаў, якіх рэжым Лукашэнкі пазбавіў магчымасці падаўжаць або мяняць пашпарт за мяжой, гэта можа азначаць яшчэ адзін пераезд — у краіну, дзе атрымаць грамадзянства можна прасцей і хутчэй. «Белсат» параўнаў умовы атрымання грамадзянства ў Еўропе для беларусаў, у якіх няма сваякоў, партнёраў і каранёў у іншых краінах — толькі цярплівасць.

Фота ілюстрацыйнае

Атрыманне грамадзянства краін ЕС: параўнанне ўмоў для грамадзян Беларусі

У многіх краінах Еўропы патрабаванні да атрымання грамадзянства вельмі падобныя: адсутнасць сур'ёзных правапарушэнняў, мінімальнае веданне мовы, гісторыі і культуры краіны, а таксама пэўны тэрмін пражывання ў краіне.

Але акурат цяпер многія краіны мяняюць сваю палітыку ў дачыненні да выдачы пашпартоў замежнікам: Германія скараціла тэрмін і дазволіла мець другое грамадзянства, а вось Швецыя, Фінляндыя, Партугалія і Польшча плануюць зрабіць патрабаванні больш строгімі.

Для беларусаў бар'ераў яшчэ больш. Многія краіны ЕС патрабуюць адмовіцца ад ранейшага грамадзянства, што для большасці беларусаў з'яўляецца невыканальнай умовай — для гэтага трэба будзе паехаць у краіну, ды і далёка не факт, што ўлады Беларусі ваша рашэнне ўхваляць (напрыклад, былая палітзняволеная Галіна Дзербыш некалькі разоў прасіла суд пазбавіць яе беларускага грамадзянства — ёй адмовілі). Па-другое, патрэбна даведка аб несудзімасці ў Беларусі — і многія еўрапейскія чыноўнікі не робяць выключэння для палітасуджаных.

Але не ўсё страчана: некаторыя краіны маюць дастаткова простыя патрабаванні для натуралізацыі. Нават калі пачаць сваё жыццё зноўку ў адной з гэтых краін проста заўтра, вялікая верагоднасць атрымаць новы пашпарт хутчэй, чым у Літве ці Грузіі.

Праўда, улічвайце, што практычна ў кожнай еўрапейскай краіне вам давядзецца доўга чакаць свайго пашпарта: тэрміны разглядаў заявы на грамадзянства часам займаюць адзін-два гады.

Германія

Нямецкі пашпарт па сваёй сіле займае трэцяе месца ў свеце ў рэйтынгу пашпартоў, ён дае права на бязвізавыя падарожжы ў 174 краіны. Пры гэтым натуралізавацца ў краіне ў параўнанні з іншымі краінамі ЕС даволі проста.

У чэрвені 2024 года Германія прыняла закон, які зрабіў краіну адной з найбольш даступных для атрымання грамадзянства ў Еўропе. Урад скараціў мінімальны тэрмін пражывання з 8 да 5 гадоў і адмяніў неабходнасць адмовы ад першага грамадзянства. Цяпер дастаткова пяці гадоў знаходжання ў краіне на любых легальных падставах.

Для атрымання грамадзянства трэба здаць экзамен на веданне нямецкай мовы на ўзроўні не ніжэй B1 (сертыфікат або тэст) і экзамен пра палітыку, сацыяльную сферу, гісторыю (усяго 300 пытанняў, на тэсце — 30 з іх).

Таксама немцы зрабілі выключэнне для беларусаў — цяпер у грамадзян краіны не патрабуюць апастылі на дакументы і наяўнасць даведкі аб несудзімасці.

Францыя

Францыя таксама вядомая сваім лаяльнымі правіламі атрымання грамадзянства. Для натуралізацыі замежніку трэба пражыць у краіне не менш за 5 гадоў на любых падставах, а таксама пацвердзіць веданне мовы на ўзроўні не ніжэй В2.

Аднак ёсць і дрэнныя навіны для многіх беларусаў: для атрымання грамадзянства патрэбен дзейны пашпарт Беларусі, так што варыянт не падыдзе тым, у каго ён пратэрмінаваны. А яшчэ патрэбна даведка аб несудзімасці з усіх краін, дзе вы жылі ў апошнія 10 гадоў.

У выпадку заканчэння французскай ВНУ тэрмін зніжаецца да 2 гадоў. А для тых, каму Францыя надала статус бежанца, пражыты цэнз зусім не спатрэбіцца: можна адразу падацца на грамадзянства (але тут ёсць шмат іншых крытэрыяў, якія прыйдзецца выканаць).

Спецыяльнага экзамену па гісторыі Францыі няма, але праводзіцца сумоўе з прэфектурай, дзе ацэньваецца веданне культуры, каштоўнасцяў і правоў грамадзяніна.

Таксама ўлічваецца інтэграцыя ў французскае грамадства — наяўнасць працы, удзел у сацыяльным жыцці, адсутнасць працяглага атрымання сацыяльных дапамог.

Другое грамадзянства не стане перашкодай — ад беларускага адмаўляцца не трэба.

Што радуе, дык гэта стабільнасць: радыкальных рэформаў, як у Польшчы ці Нідэрландах, у Францыі даўно не было і пакуль не плануецца. Асноўная змена, якая набыла моц якраз у 2025 годзе, — гэта павышэнне патрабаванага ўзроўню валодання французскай мовай з B1 да B2.

Бельгія

Для атрымання грамадзянства Бельгіі трэба пражыць у краіне бесперапынна не менш за 5 гадоў, на момант падачы мець карту рэзідэнта ЕС або ПМЖ, здаць экзамен на веданне нідэрландскай, французскай або нямецкай мовы на ўзроўні не ніжэй за A2, а таксама пацвердзіць сацыяльную інтэграцыю і эканамічную актыўнасць (навучанне або працу ў краіне або заканчэнне курсаў інтэграцыі).

Без выканання ўмоў інтэграцыі тэрмін павялічваецца да 10 гадоў. Але на практыцы большасць натуралізуецца пасля 5 гадоў, выканаўшы астатнія крытэрыі.

Таксама Бельгія дазваляе захоўваць папярэдні пашпарт. Але, як і амаль усюды, патрэбная даведка аб адсутнасці цяжкіх злачынстваў у краінах, дзе вы раней жылі.

Швецыя

Для атрымання грамадзянства самай дэмакратычнай скандынаўскай краіны трэба не так шмат: 5 гадоў пражывання ў Швецыі (для бежанцаў — 4 гады), а таксама наяўнасць ПМЖ або карты рэзідэнта ЕС на момант падачы. Знаходжанне павінна быць бесперапынным: на працягу года можна знаходзіцца за мяжой не больш за шэсць тыдняў.

Для права на атрыманне шведскага пашпарта ў вас не павінна быць непагашаных судзімасцяў, штрафаў, запазычанасцяў. Калі вы здзейснілі злачынства, неабходны мінімальны тэрмін можа быць павялічаны (адседзелі ў турме 6 гадоў — трэба пражыць пасля вызвалення ў краіне не менш за 10 гадоў).

Тым, хто жадае натуралізавацца ў Швецыі, нават не трэба ведаць шведскую мову: моўнага або інтэграцыйнага экзамену пакуль няма. Падвойнае грамадзянства таксама дазваляецца, таму адмаўляцца ад беларускага не абавязкова.

Аднак Швецыя мае намер значна зрабіць больш жорсткімі патрабаванні — павялічыць неабходны стаж да 8 гадоў пражывання і ўвесці абавязковыя экзамены: тэст на веданне шведскай мовы і асноў грамадства. Таксама хочуць стражэй ацэньваць добранадзейнасць (адмаўляць пры судзімасцях або буйных запазычанасцях), але пакуль гэта толькі планы.

Пры гэтым у правілах пазначана, што пратэрмінаваны пашпарт могуць прыняць у якасці пасведчання асобы.

Партугалія

Партугалія займае другое месца ў ЕС пасля Швецыі па колькасці натуралізаваных грамадзян. У гэтай еўрапейскай краіне доўгі час быў самы кароткі мінімальны тэрмін легальнага пражывання (нароўні з Францыяй) — 5 гадоў. Цяпер на подпісе ў прэзідэнта ляжыць новы закон аб грамадзянстве, згодна з якім гэты тэрмін хочуць падзняць да 10 гадоў. Але нават пры гэтым Партугалія выглядае куды больш простым варыянтам для атрымання грамадзянства, чым Польшча ў выпадку ўзмацнення строгасці аналагічных правілаў.

Што важна: тэрмін на грамадзянства адлічваецца з моманту атрымання візы тыпу D або ДНЖ, а не з моманту атрымання ПМЖ.

Акрамя таго, у Партугаліі шмат палёгкаў для натуралізацыі пры выкананні некаторых умоў. Напрыклад, калі ў вас пры наяўнасці ДНЖ нарадзілася ў гэтай краіне дзіця, тэрмін адлічваецца з моманту, калі вы рэальна пачалі жыць у краіне.

У Партугаліі можна натуралізавацца па візе D7 — для тых, хто працуе на іншыя краіны, але пры ўмове куплі або арэнды нерухомасці, атрымання пасіўнага прыбытку не менш за 870 еўра ў месяц і некаторых іншых умовах.

Таксама для грамадзянства патрабуецца пацвердзіць веданне партугальскай мовы на ўзроўні A2 (базавы). Калі закон прымуць у прапанаванай рэдакцыі, з 2026 года ўвядуць яшчэ і экзамен па інтэграцыі.

Партугалія дазваляе другое грамадзянства, таму адмаўляцца ад беларускага пашпарта не спатрэбіцца, але трэба будзе даць даведку з Беларусі аб адсутнасці судзімасці за злачынствы, за якія ў Партугаліі прадугледжана пакаранне на тэрмін больш за тры гады.

Люксембург

Практычна палова краіны з насельніцтвам каля 700 000 чалавек — гэта мігранты. Што цалкам лагічна: атрымаць грамадзянства тут куды прасцей, чым у многіх іншых еўрапейскіх краінах. Больш за тое, патрабаванні да грамадзянства апошнім часам толькі зніжаліся. Напрыклад, тэрмін пражывання скарацілі з 7 да 5 гадоў (бесперапынных, з іх апошні год — абавязкова без выезду). Патрабуецца таксама мець ПМЖ да моманту падачы.

Са складанасцяў: абавязкова трэба здаць экзамен па люксембургскай мове, ёй трэба валодаць на ўзроўні A2 (вусная мова) і B1 (пісьмовая). Але пры належным цярпенні (а таксама веданні нямецкай) гэта цалкам магчыма: прынамсі, статыстыка сведчыць, што 70% суіскальнікаў грамадзянства паспяхова гэты экзамен здаюць.

Таксама трэба будзе альбо прайсці курс па грамадзянскай інтэграцыі (24 гадзіны), альбо здаць тэст па ведах пра грамадства і дзяржаўны лад Люксембурга.

Дадатковыя ўмовы: неабходна мець чыстае мінулае (сур'ёзныя злачынствы прыводзяць да адмовы). Ацэньваецца агульны ўзровень інтэграцыі, наяўнасць працы ці іншых законных сродкаў да існавання вітаюцца.

Другое грамадзянства таксама дазволена — Люксембург у 2009 годзе адмяніў патрабаванне адмаўляцца ад ранейшага грамадзянства.

Мальта

Паводле закону для натуралізацыі ў папулярнай турыстычнай краіне з колькасцю жыхароў, роўнай насельніцтву Гомеля, дастаткова пражыць не менш за 5 гадоў на любых законных падставах.

Аднак на практыцы ўсё працуе крыху інакш: улады Мальты вельмі неахвотна даюць грамадзянства праз 5 гадоў і вельмі старанна правяраюць ступень інтэграцыі заяўнікаў не з краін Еўразвязу. Каб натуралізавацца, кандыдату неабходна будзе прадэманстраваць глыбокую і трывалую сувязь з краінай і высокую ступень інтэграцыі. Таму на практыцы многія атрымліваюць грамадзянства праз 7‑10 гадоў пражывання.

Па-другое, наданне грамадзянства — гэта не аўтаматычнае права пасля 5 гадоў знаходжання, а выключна рашэнне міністра. Больш за тое, рашэнне міністра аб наданні ці ненаданні грамадзянства не падлягае абскарджанню ў судзе.

Ёсць яшчэ і некаторыя незвычайныя патрабаванні. Напрыклад, наяўнасць характарыстык ад трох мальтыйскіх грамадзян-гарантаў, якія пацвярджаюць вашу добранадзейнасць і інтэграцыю ў мясцовую супольнасць. Таксама заяўнік павінен не мець судзімасцяў.

З добрых навін: паколькі англійская — другая афіцыйная мова Мальты, дастатковае валоданне ёй можа задаволіць патрабаванне ў мове. Адмаўляцца ад беларускага грамадзянства не абавязкова.

Краіна ў апошні час ужо праводзіла змены ў правілах натуралізацыі. Напрыклад, адмяніла «залатыя пашпарты» для расіян і беларусаў. Таксама былі планы ўвесці фармальны экзамен па мальтыйскай мове для тых, хто натуралізуецца, але пакуль абмежаваліся толькі заявамі.

Вялікабрытанія

Для натуралізацыі ў Вялікабрытаніі трэба легальна пражыць у краіне не менш за 5 гадоў плюс 1 год пасля атрымання статусу пастаяннага рэзідэнта. Разам — 6 гадоў. За гэты час можна адсутнічаць у краіне не больш за 450 дзён, з іх не больш за 90 дзён — за апошні год перад падачай.

Таксама неабходная адсутнасць сур'ёзных крымінальных судзімасцяў, штрафаў, парушэнняў іміграцыйных правілаў (напрыклад, пратэрмінавання візы). Усё гэта можа прывесці да адмовы.

Затое здаць камп'ютарны тэст на веданне гісторыі, традыцый і законаў і тэст на веданне англійскай мовы (узровень B1) не будзе цяжка.

Вялікабрытанія дазваляе другое грамадзянства, таму не давядзецца адмаўляцца ад беларускага пашпарта.

З іншых плюсаў: можна падаць заяву на грамадзянства са скончаным беларускім пашпартам, замест яго будзе праязны дакумент.

Грузія, Латвія і Літва — з мінімальнымі шанцамі прайсці гэты квэст

Гэтыя папулярныя ў беларусаў краіны можна разглядаць для атрымання пашпарта толькі пры вельмі вялікім жаданні і толькі ў выпадку, калі вы можаце паехаць у Беларусь без наступстваў. Але нават у гэтым выпадку шлях, на жаль, будзе вельмі доўгім і складаным.

Літва

Літва — адна з самых строгіх краін у плане натуралізацыі для беларусаў. Пачнем з вялікага тэрміну пражывання: для натуралізацыі ў Літве трэба пражыць тут не менш за 10 гадоў. Заяўнік да таго моманту павінен мець пастаянны дазвол на жыхарства (яго звычайна выдаюць праз 5 гадоў жыцця па часовым ДНЖ).

Для бежанцаў Літва, у адрозненне ад многіх іншых краін, ільгот таксама не робіць — мінімальны 10‑гадовы тэрмін застаецца ранейшым.

Акрамя таго, патрабуецца здаць два экзамены: па літоўскай мове (пісьмова і вусна) і па асновах Канстытуцыі. Узровень мовы — прыкладна B1. 

Патрабаванне адмовіцца ад ранейшага грамадзянства для многіх беларусаў зводзіць верагоднасць натуралізацыі ў Літве да нуля. У 2019 годзе ў Літве прайшоў рэферэндум аб дазволе другога грамадзянства для эмігрантаў, але ён не набраў кворуму.

Грузія

Каб натуралізавацца ў Грузіі, трэба пражыць у краіне як мінімум 10 гадоў (і адсутнічаць там не больш за 90 дзён у год). Таксама патрабуецца адмовіцца ад беларускага грамадзянства (а для гэтага паехаць у Беларусь і дамагчыся выхаду з грамадзянства) і ведаць грузінскую мову на «дастатковым узроўні». Выразнага пазначэння канкрэтнага ўзроўню (напрыклад, А2 або В1) няма: усё залежыць ад суб'ектыўнай ацэнкі экзаменацыйнай камісіі. Акрамя таго, усе дакументы павінны быць з апастылем.

Але ўлічваючы палітычную абстаноўку ў Грузіі і тое, што краіна пакуль не дала міжнародную абарону ніводнаму беларусу, шанцы на атрыманне грамадзянства тут зводзяцца да нуля.

Латвія

Умовы да тэрміну пражывання тут такія ж, як у Літве: 10 гадоў і наяўнасць ПМЖ/статусу рэзідэнта ЕС. Пры гэтым трэба здаць інтэграцыйны экзамен і ведаць мову мінімум на A2 (гэта нізкі ўзровень для ЕС, але і мова не з самых простых).

Сюды трэба дадаць абавязковую адмову ад беларускага грамадзянства і адсутнасць судзімасцяў — і шлях для многіх беларусаў для натуралізацыі ў Латвіі будзе закрыты.

Чытайце таксама:

«Германія не дае трэвел-док — маўляў, мяне не пераследавалі, хоць былі суткі і данаты». Як жывуць без пашпартоў

Беларуска вырашыла займець еўрапейскі пашпарт — яна расказала, як афармляе грамадзянства Румыніі

«Там ты багацейшы, а тут — шчаслівейшы». Айцішнік 25 гадоў жыве ў Славeніі — закахаўся (у краіну) у камандзіроўцы

Вялікабрытанія істотна перагледзіць іміграцыйную палітыку — гэта тычыцца і статусу бежанца, і выплат

Польшча адмяніла забарону на ўезд для Аляксандра Машэнскага. У яго знайшлося грамадзянства Кіпра

Каментары да артыкула