Беларуска знайшла працу для свайго трохмесячнага сына. Немаўлятка знялося ў расійскім серыяле
Маладая маці распавяла ў тыктоку, які ж ганарар атрымаў акцёр, які пакуль не ўмее нават хадзіць і размаўляць. Цяпер яна жартуе, што сын Святаслаў — яе спонсар.
Святаслаў з маці
Вікторыя Вяршыцкая падпісаная на тэлеграм-каналы, дзе шукаюць масоўку для розных тэлевізійных праектаў. І ў адзін з вечароў яна пабачыла там незвычайную абвестку: для здымкаў у расійскім серыяле шукалі трохмесячнае дзіця.
— Падумала: «Ну а чаму б не? Я ж нічога не губляю», — распавяла ў сваім тыктоку маладая маці. — Даслала фотаздымкі сына, а на наступны дзень мне патэлефанавалі. Кіношнікі былі ў захапленні, яны прапанавалі дзевяць здымачных дзён.
Зарплату маленькаму актору таксама паабяцалі.
Вікторыя ўдакладняе: па законе здымачны дзень для дзіцяці не можа быць большым за чатыры гадзіны. Але звычайна каманда імкнулася зрабіць усё значна хутчэй. Самі здымкі цягнуліся 10‑20 хвілін, а калі планавалі здымаць некалькі сцэн за адзін дзень, дык маме з немаўляткам давалі ціхае месца. Там Вікторыя магла спакойна пакарміць сына ды пагуляць з ім.
З прыемных бонусаў — па маці і акцёра адпраўлялі кіроўцу на «Тэсле», які прывозіў маленькую зорку на здымачную пляцоўку.
Святаслаў з актрысай, якая грае галоўную ролю
За адзін здымачны дзень хлопчыку плацілі 150 рублёў. У выніку яго першая зарплата склала 1350 рублёў. Гэта, дарэчы, больш, чым яго мама атрымлівае дэкрэтных штомесяц — зараз яны складаюць каля 930 рублёў.
Пабачыць беларуса можна будзе ў серыяле «Успамінай мяне» рэжысёра Кацярыны Дзвігубскай. Прэм’ера адбудзецца ўжо пасля Новага года.
Вікторыя кажа, што гэта быў неймаверны досвед для ўсёй яе сям’і. Яны з мужам вельмі ганарацца сынам, які ў тры месяцы трапіў на вялікі экран.
Святаслаў з бацькамі