БЕЛ Ł РУС

Пакуль Лукашэнка з двума сынамі бавіць час у Амане, трэці ягоны сын засвяціўся на другім канцы кантынента

2.12.2025 / 0:23

Nashaniva.com

Пакуль Аляксандр Лукашэнка з двума сынамі наведвае Аман, яго сярэдні сын Дзмітрый нечакана апынуўся ў Інданезіі, заўважыў Reform.news. Мэта гэтай паездкі выглядае незвычайнай: ён абмяркоўваў магчымасці стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Інданезіі ў аграрнай сферы — пры тым, што да дзяржаўнай службы Дзмітрый мае вельмі ўскоснае дачыненне і ўзначальвае толькі Прэзідэнцкі спартыўны клуб.

Дмітрый Лукашэнка з Андзі Амранам Сулейманам. Фота: прэс-служба Міністэрства сельскай гаспадаркі Інданезіі

У Джакарце Дзмітрый Лукашэнка сустрэўся з інданезійскім міністрам сельскай гаспадаркі Андзі Амранам Сулейманам. На перамовах прысутнічаў загадкавы прадстаўнік беларускай дэлегацыі Эліяс Барысовіч (Elias Borisovich) — чалавек, пра якога няма звестак у адкрытых крыніцах. Ён выступаў ад імя Дзмітрыя і падкрэсліваў, што Беларусь хоча развіваць супрацоўніцтва ў харчовай бяспецы, абменьвацца аграрным досведам і разглядае Інданезію як важнага партнёра.

Беларуская дэлегацыя выказала цікавасць да закупкі інданезійскага шакаладу, а таксама абмеркавала магчымасць закупляць пальмавае масла і какосавае малако. У сваю чаргу інданезійскі бок заявіў, што чакае ад супрацоўніцтва канкрэтнай карысці: паставак малака, калійных угнаенняў, а таксама адкрыцця беларускага рынку для інданезійскіх тавараў — пальмавага масла, какавы, какосавых прадуктаў.

Акрамя таго, разглядаліся інвестыцыйныя магчымасці, у тым ліку будаўніцтва ў Інданезіі завода па вытворчасці ўгнаенняў і ўдзел Беларусі ў праектах па павышэнні ўраджайнасці, вытворчасці тэхнікі і тэхналагічнай мадэрнізацыі аграрнага сектара.

Інданезія таксама хоча, каб Беларусь паскорыла атрыманне сертыфікатаў бяспекі і халяль-сертыфікацыі для беларускіх малочных і мясных прадуктаў, каб яны маглі паступаць на рынак гэтай пераважна мусульманскай краіны.

Як адзначае інданезійскі бок, сустрэча павінна стаць новым крокам да паглыблення стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі. Пры гэтым афіцыйныя медыя Беларусі пра паездку Дзмітрыя Лукашэнкі нічога не паведамлялі, і невядома, ці меў ён іншыя сустрэчы ў Інданезіі.

Вядома толькі, што некалькі месяцаў таму Інданезію наведваў кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў, які таксама абмяркоўваў аграрнае супрацоўніцтва.

Чытайце таксама:

Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля

Віктара Лукашэнку ў Амане назвалі «спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта»

У М’янме перад прыездам Лукашэнкі вызвалілі больш за 3 тысячы палітвязняў

Прэзідэнт Інданезіі прылятаў да Лукашэнкі, каб пагаварыць пра ўгнаенні

У Беларусь праездам з Еўропы зазірнуў прэзідэнт Інданезіі

Каментары да артыкула