Эйсмант заявіла, што Літва «страляе сабе паміж ног»
Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант у каментары расійскаму агенцтву ТАСС заявіла, што Літва, маўляў, паводзіць сябе недальнабачна ў сітуацыі з беспілотнікам, які 30 лістапада нібыта парушыў мяжу Беларусі.
Наталля Эйсмант. Фота: Maxim Shemetov Pool Photo via AP
«Што тычыцца літоўцаў — сеўшы ў лужыну ў свой час з закрыццём мяжы, літоўцы дапускаюць чарговыя глупствы, якія абернуцца супраць іх. Думаем, ні беларускаму, ні літоўскаму народу гэта не трэба, але мы гатовыя да ўсяго», — сказала Эйсмант.
Паводле яе слоў, Вільня ўжо «страляла сабе ў нагу», закрыўшы мяжу, а цяпер «страляе сабе паміж ног». Таксама Эйсмант заявіла, што Мінск хутка «ўбачыць сапраўдныя мэты і намеры» Літвы.
Лукашэнку, які цяпер адпачывае ў Амане, таксама пра сітуацыю ўжо нібыта «абсалютна і дэталёва праінфармавалі», пасля чаго ён даў нейкія даручэнні «Камітэту дзяржаўнай бяспекі і ўсім іншым неабходным структурам».
Раней паведамлялася, што МЗС Беларусі падало Літве пратэст у сувязі з інцыдэнтам і патрабуе расследавання. Дзяржаўныя прапагандысты сцвярджаюць, што дрон быў нібыта разведвальным і перад падзеннем скінуў «экстрэмісцкія матэрыялы». Як такія трактуюцца бел-чырвона-белыя сцяжкі, бачныя на адным са здымкаў.
Перад гэтым Літва з 29 кастрычніка да 20 лістапада закрывала дзяржаўную мяжу з Беларуссю з-за пастаяннага запуску з беларускага боку кантрабандных метэазондаў з цыгарэтамі. У адказ Мінск перастаў выпускаць літоўскія фуры і паставіў іх на платныя стаянкі. І нават пасля адкрыцця мяжы ўсё адно іх не выпускае.
Чытайце таксама:
«Рэжым Беларусі не першы раз прыдумляе гісторыі». У Літве пракаментавалі гісторыю з дронам у Гродне
Прапаганда накручвае ўсё больш беліберды ў справе беспілотніка, які нібыта ўпаў у Гродне
У Гродне ўпаў дрон, які раскідаў бел-чырвона-белыя сцяжкі. У гэтым абвінавачваюць Літву