БЕЛ Ł РУС

Віктара Лукашэнку ў Амане назвалі «спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта»

1.12.2025 / 19:15

Nashaniva.com

Паводле паведамлення прэс-службы МЗС Амана, падчас сустрэчы султана Хайсама бін Тарыка з беларускай дэлегацыяй Віктар Лукашэнка ўдзельнічаў у перамовах як «спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта» або «спецыяльны пасланнік прэзідэнта», заўважыў Reform.news. У такім жа статусе праводзіць міжнародныя сустрэчы і былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман.

У Беларусі пасада «спецыяльны прадстаўнік» ці «спецыяльны пасланнік» прэзідэнта досыць рэдкая. Да гэтага яе займаў Віктар Шэйман, які пасля адстаўкі з пасады Кіраўніка справамі Лукашэнкі стаў спецпасланнікам і працягваў курыраваць рэгіёны Кубы, Венесуэлы і Афрыкі.

Яшчэ ў лютым 2021 года Віктар Лукашэнка быў вызвалены ад пасады памочніка Лукашэнкі па нацыянальнай бяспецы і адначасова прызначаны прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Афіцыйна пра прызначэнне на іншую дзяржаўную пасаду не паведамлялася, аднак ён працягваў курыраваць адносіны Беларусі з арабскімі краінамі Персідскага заліва і, магчыма, з часам — з Інданезіяй і Алжырам.

Падчас цяперашняй сустрэчы ў Амане, як паведамлялася, абмяркоўваліся напрамкі інвестыцыйнага і эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Аманам, а таксама шляхі яго ўмацавання дзеля падтрымкі росту эканомік абедзвюх краін.

Акрамя Віктара Лукашэнкі, у сустрэчы браў удзел таксама малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай.

Чытайце таксама:

Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля

Лукашэнка ў Амане ўжо цэлы дзень, але мясцовыя ведамствы і СМІ пра гэта маўчаць

Лукашэнка прыляцеў у Аман

Каментары да артыкула