БЕЛ Ł РУС

У Гродне ўпаў дрон, які раскідаў бел-чырвона-белыя сцяжкі. У гэтым абвінавачваюць Літву

1.12.2025 / 16:25

Nashaniva.com

Міністэрства замежных спраў Беларусі абвінаваціла Літву ў парушэнні паветранай прасторы беспілотнікам. 

Як паведамляе МЗС, 30 лістапада лятальны апарат самалётнага тыпу перасек мяжу з боку Лаздзійскага раёна Літвы і ўпаў на тэрыторыі Гродна.

Як сцвярджаюць у ведамстве, аналіз абломкаў паказаў пракладзены маршрут: дрон павінен быў праляцець над Беларуссю, далей выйсці ў Польшчу, а пасля вярнуцца ў месца запуску ў Літве.

Размах крылаў беспілотніка — 1,5 метра, даўжыня дрона — 91 см. Унутры, заявілі ў сюжэце БТ, навігацыйнае абсталяванне, відэакамера, дзве карты памяці на 32 гігабайты.

@nashaniva На БТ паказалі, што ў дроне знайшлі відэкамеру, навігацыю і дзве карты памяці. Пры гэтым міліцыя сцвярджае, што ён раскідваў бел-чырвона-белыя сцяжкі #бчб #нашаніва #беларускаямова #милициябеларуси #беларускітыкток ♬ Sneaky Snitch - Kevin MacLeod

«На лопасцях маюцца адзнакі Aeronaut Camz Carbon і адрас нямецкага сайта-вытворцы aeronaut.de», — заявілі на БТ. 

Міліцыя наракае, што дрон раскідваў маленькія папяровыя бел-чырвона-белыя сцяжкі.

«Мінск расцэньвае інцыдэнт як наўмысную правакацыю. Беларускі бок патрабуе ад Літвы: даць падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт, правесці расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, прыняць меры для недапушчэння паўтарэння падобных выпадкаў. Беларусь пакідае за сабой права на неабходныя меры для абароны суверэнітэту», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

У МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса і выказалі яму афіцыйны пратэст.

Чытайце таксама:

У Літве абвясцілі, хто падзеліць мільён еўра за ідэі па збіванні паветраных шароў з Беларусі

Літва пакуль не збіраецца закрываць мяжу з Беларуссю

Віленскі аэрапорт не працаваў увесь вечар і ўсю ноч

МНС атрымала адказ Літвы пра здарэнне на Ігналінскай АЭС

Каментары да артыкула