Беларуская крылатая ракета трапіла ў Дубай пад выглядам сумеснай распрацоўкі з ААЭ
На выставе Dubai Airshow 2025 шырокі розгалас атрымала новая ўдарная сістэма на аснове таннай крылатай ракеты LCCM Mk2, якая падаецца як сумесная распрацоўка Беларусі і ААЭ. Аднак журналісцкае расследаванне паказала, што ключавую ролю ў праекце адыгрывае амбіцыйны зброевы бізнэсмен Хабіб Бухаруба — ураджэнец Алжыра, былы пілот ВПС Францыі, які ўжо шмат гадоў займаецца супрацоўніцтвам у галіне ўзбраенняў у розных краінах, часта ў сумнеўных схемах, піша Reform.news.
E-Systems Solutions, праз якую працуе Хабіб Бухаруба, існуе з сярэдзіны 2010-х. Афіцыйна гэта невялікая кампанія з офісамі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, але ў мінулым Бухаруба ўжо трапляў у скандалы — ад незаконнай мадэрнізацыі баявой авіяцыі Чада да сумнеўных паставак у Алжыр і ўдзелу ў сарванай здзелцы па пастаўцы французскіх знішчальнікаў Mirage у Інданезію.
Шэраг сістэм, якія E-Systems Solutions дэманструе на міжнародных выставах, падазрона нагадваюць распрацоўкі беларускага ВПК. Так, сістэмы РЭБ, гранатамёты і іншыя прадукты выглядаюць як практычна ідэнтычныя з вырабамі «Белспецзнештэхнікі» і «ОКБ ТСП». У чэрвені 2025 года E-Systems Solutions нават выставіла ракетны комплекс «Бук-МБ2К» як уласную распрацоўку, хоць ён створанны беларускім «ОКБ ТСП».
Гэта наводзіць на думку, што кампанія Бухарубы можа выступаць «пракладкай» для абыходу санкцый супраць беларускага абароннага сектара.
Асаблівую інтрыгу дадае тое, што апошнія візіты Аляксандра Лукашэнкі ў краіны, дзе актыўна працуе Бухаруба (Інданезія, М’янма, Алжыр), супадаюць з інтарэсамі гэтага зброевага дылера. Як мяркуюць журналісты, сувязь можа існаваць праз старэйшага сына Лукашэнкі — Віктара, які, імаверна, курыруе супрацоўніцтва ў галіне ўзбраенняў.
Міністр абароны Інданезіі Сджафры Сджамсаэдзін у Мінску 28 ліпеня 2025 года. Хабіб Бухаруба пазначаны кружком. Фота: Мінабароны Інданезіі
«Сенсацыйная» ракета LCCM Mk2, якую паказалі ў Дубаі, выглядае як адзінкавы доследны ўзор, які нават яшчэ не прайшоў выпрабаванні. У СМІ прагучалі вельмі амбіцыйныя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі, але дакладных сведчанняў пра магчымасці ракетнага комплексу пакуль няма.
У выніку атрымліваецца, што «эмірацка-беларуская» ракета — гэта, хутчэй за ўсё, праект, дзе Беларусь праз пасрэдніцтва Хабіба Бухарубы спрабуе выйсці на новыя рынкі і абысці санкцыйныя абмежаванні.
Чытайце таксама:
«Арэшнік» нам патрэбны, а «Пасейдон» і «Буравеснік» — не. Лукашэнка — пра задачы для ВПК
Ідэолагі расказваюць народу жахі пра інтэрнэт і перасцерагаюць ад выкарыстання ChatGPT