БЕЛ Ł РУС

Апублікавана шакуючая праслухоўка перамоў спецпрадстаўніка Трампа і памочнікаў Пуціна. Што там?

26.11.2025 / 8:47

Nashaniva.com

Скандал — ужо сам факт наяўнасці праслуховак чыноўнікаў такога ўзроўню, а тым больш — апублічванне гэтага факта. Хто за гэтым стаіць — невядома. Публікацыю праслуховак медыя ўжо назвалі «плёнкамі Уіткафа». 

Кірыл Дзмітрыеў і Стыў Уіткаф.Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

Мірныя перамовы паміж ЗША і Расіяй па спыненні вайны ва Украіне апынуліся ў цэнтры палітычнага скандалу пасля таго, як агенцтва Bloomberg апублікавала расшыфроўкі тэлефонных размоў, якія нібыта адбыліся ў кастрычніку 2025 года паміж спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і высокапастаўленымі расійскімі чыноўнікамі.

Расшыфроўкі, сапраўднасць якіх пакуль не пацверджана, але амаль не выклікае сумневу, сведчаць, што першапачатковая версія «плана Трампа» была распрацавана ў Крамлі.

Bloomberg апублікаваў дэталі дзвюх размоў з удзелам памочніка Пуціна Юрыя Ушакова: адна — са спецпрадстаўніком Трампа Стывам Уіткафам, другая — са спецпрадстаўніком Пуціна Кірылам Дзмітрыевым.

З таго, што ў абедзвюх размовах фігуруе Ушакоў, можна меркаваць, што менавіта ягоны тэлефон праслухоўвалі.

Уіткаф як кансультант Крамля

Асаблівую ўвагу прыцягнула размова, якая, як сцвярджаецца, адбылася 14 кастрычніка паміж Стывам Уіткафам і памочнікам Уладзіміра Пуціна Юрыем Ушаковым. У ёй Уіткаф актыўна кансультаваў расійскі бок, як найлепш прэзентаваць Трампу мірнае пагадненне.

Амерыканскі пасрэднік параіў Пуціну патэлефанаваць Трампу перад візітам украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і выкарыстаць «правільную танальнасць»:

«Я б патэлефанаваў, каб проста нагадаць, што вы віншуеце прэзідэнта з гэтым дасягненнем [па Газе], што вы яго падтрымлівалі, што вы паважаеце яго як чалавека міру і што вы рады вынікам яго працы. Вось я б так падышоў да гэтага», — нібыта заявіў Уіткаф.

Акрамя таго, Уіткаф запэўніў Ушакова ў сваёй асабістай павазе да расійскага лідара: «Я проста хачу, каб ты сказаў — можа быць, каб ты сказаў гэта прэзідэнту Пуціну, таму што ты ведаеш, я глыбока паважаю прэзідэнта Пуціна».

Другая расшыфроўка — размова паміж Ушаковым і спецпрадстаўніком Пуціна Кірылам Дзмітрыевым 29 кастрычніка, пацвярджае засцярогі наконт паходжання плана.

Дзмітрыеў прапанаваў неафіцыйна перадаць расійскі чарнавік мірнага пагаднення, каб Уіткаф мог выдаць яго за свой.

Пры гэтым Ушакоў выказаў асцярогу, што Вашынгтон можа скарыстацца сітуацыяй, «перайначыць» расійскі план і абвясціць яго ўзгодненым з Масквой.

Дзмітрыеў, у сваю чаргу, запэўніў, што папросіць Уіткафа захаваць усё «слова ў слова» і што ўсё будзе «зроблена акуратненька».

Рэакцыя і наступствы

Публікацыя, якую Дзмітрыеў ужо назваў «фэйкам», паглыбляе недавер паміж Масквой і Вашынгтонам.

Прэзідэнт Трамп, аднак, абараніў Уіткафа, назваўшы яго дзеянні «стандартнай формай перамоваў»: «Ён павінен прадаць [ідэі] Украіны Расіі. Гэта тое, што робіць перагаворшчык. Ён павінен сказаць: глядзіце, яны хочуць гэта, а вы павінны пераканаць іх у тым — гэта цалкам стандартная форма перамоваў», — патлумачыў Трамп.

Юрый Ушакоў не стаў абвяргаць сапраўднасць апублікаваных гутарак: «Я з Уіткафам досыць часта размаўляю, але сутнасць размоў — яны закрыты характар носяць — я не каментую. Ды ніхто не павінен каментаваць<…> Хтосьці злівае, хтосьці праслухоўвае. Але не мы».

Аналітыкі лічаць, што публікацыя значна ўскладняе запланаваную на наступны тыдзень місію Уіткафа ў Маскву.

Выданне Bloomberg не ўдакладніла, адкуль атрымала запісы гутарак.

Чытайце таксама:

Поўная расшыфроўка злітых перамоў спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Уіткафа і прадстаўнікоў Пуціна Дзмітрыева і Ушакова

Каментары да артыкула