БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка адпраўляецца ў працяглае замежнае турнэ

26.11.2025 / 8:34

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка 26 лістапада накіруецца з рабочым візітам у Кыргызстан, дзе возьме ўдзел у пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, паведамляе яго прэс-служба.

Фота: Sergei Bobylev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Лідары краін на саміце ў Бішкеку 27 лістапада падвядуць вынікі дзейнасці АДКБ у міжсесійны перыяд, разгледзяць праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка выкажацца па актуальных пытаннях гарантавання калектыўнай бяспекі на еўразійскай прасторы, акрэсліць напрамкі, якія патрабуюць асаблівай увагі партнёраў.

У ліку дакументаў, якія трэба будзе прыняць, — выніковая дэкларацыя Савета калектыўнай бяспекі, рашэнні, што датычаць забеспячэння дзейнасці арганізацыі, умацавання супрацоўніцтва ў супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў і незаконнай міграцыі.

Плануецца, што ў Бішкеку таксама адбудзецца двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным.

Пасля візіту ў Кыргызстан ён наведае шэраг іншых краін. Геаграфія ахоплівае Паўднёва-Усходнюю Азію, Блізкі Усход і Паўночную Афрыку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула