БЕЛ Ł РУС

У Гомелі жыхары дабіліся, каб улады не руйнавалі старую галубятню

25.11.2025 / 19:5

Nashaniva.com

У Гомелі завяршылася грамадскае абмеркаванне забудовы двара па вуліцы Чачэрскай, дзе плануецца ўзвядзенне новага шматпавярховага дома. На гэтай тэрыторыі знаходзіцца ўнікальная для горада драўляная галубятня, якая відавочна замінала будаўніцтву. Аднак мясцовыя жыхары адстаялі яе — аб’ект вырашылі захаваць, а ў крайнім выпадку акуратна перанесці за кошт забудоўшчыка, пішуць «Моцныя навіны».

Гэтая галубятня існуе з 1990‑х гадоў, калі ў Гомелі была вялікая і актыўная супольнасць галубаводаў — больш за 300 чалавек. Тады па ўсім горадзе адкрываліся новыя галубятні, а за рэдкімі пародамі гомельскія аматары ездзілі ў Маскву, Кіеў, Германію і нават у ЗША.

З часам, аднак, супольнасць пачала паступова скарачацца, і цяпер ва ўсёй Гомельшчыне засталося толькі каля 80 заводчыкаў. Многія галубятні ўжо знеслі, у тым ліку адну з апошніх — у цэнтры Гомеля ў 2023 годзе.

Менавіта таму мясцовыя жыхары ўспрынялі захаванне галубятні на Чачэрскай як важную перамогу. Для двароў яна стала не проста гаспадарчай пабудовай, а часткай мясцовай гісторыі і традыцыі.

Цяпер улады паабяцалі: калі галубятня трапіць у зону работ, яе перанясуць у іншае месца па ўзгадненні з адміністрацыяй. Жыхароў радуе, што гэты, магчыма, апошні такі аб’ект у Гомелі ўсё ж зберагуць.

Чытайце таксама:

У Баранавічах у парку паставілі адпужвальнік для птушак. Але ён адпужвае таксама і людзей

Галубы і вароны захапілі цэнтр Брэста

У Гомелі галубы пасварылі жыльцоў і камунальнікаў

У Мінску жанчына насіла корм галубам цэлымі вёдрамі. Яе аштрафавалі

Выхаваны і законапаслухмяны голуб перайшоў дарогу на зялёнае святло ВІДЭА

Каментары да артыкула