На Случчыне кіроўцу параніў металічны прадмет, які вылецеў з-пад колаў машыны
У Слуцкім раёне раніцай 25 лістапада зафіксавана сур’ёзнае ДТЗ, у выніку якога пацярпела жанчына-кіроўца. Паводле даных ДАІ Мінскай вобласці, здарэнне адбылося прыкладна ў 08:45 раніцы.
Фота: УДАІ УУС Мінаблвыканкама
Жыхарка Слуцкага раёна кіравала аўтамашынай Volkswagen Touareg і рухалася па 368‑м кіламетры аўтадарогі Р-43 «Мяжа Расіі (Звянчатка) — Крычаў — Бабруйск — Івацэвiчы» ў напрамку Слуцка.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пры сустрэчным раз’ездзе з іншым, пакуль не ўстаноўленым транспартным сродкам, з-пад яго колаў вылецеў нейкі металічны прадмет. Ён прабіў лабавое шкло Volkswagen і трапіў у салон.
У выніку ўдару 40‑гадовая кіроўца атрымала траўмы. Яе даставілі ў медыцынскую ўстанову для аказання дапамогі. Акалічнасці аварыі высвятляюцца, а аўтамабіль, з-пад колаў якога мог вылецець гэты прадмет, цяпер шукаюць.