БЕЛ Ł РУС

У Рэспубліцы Сербскай перамог пратэжэ Міларада Додзіка

24.11.2025 / 10:28

Nashaniva.com

Пераможцам датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Сербскай, якая ўваходзіць у склад Босніі і Герцагавіны, стаў кандыдат сербскіх сепаратыстаў — былы міністр унутраных спраў Сініша Каран, які з’яўляецца даверанай асобай змешчанага баснійска-сербскага лідара Міларада Додзіка, піша Deutche Welle.

Сініша Каран і Міралад Додзік. Фота: інстаграм Міларада Додзіка

У пачатку жніўня мясцовая Цэнтральная выбарчая камісія адхіліла Додзіка ад пасады прэзідэнта Рэспублікі Сербскай, якую ён займаў амаль два дзесяцігоддзі.

«Па папярэдніх, неафіцыйных і няпоўных выніках, Сініша Каран атрымаў 50,89 працэнта галасоў», — паведаміў познім вечарам у нядзелю, 23 лістапада, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ёван Калаба. Яго галоўны канкурэнт, кандыдат ад найбуйнейшай апазіцыйнай партыі Бранка Блануш атрымаў 47,8% галасоў.

У той жа дзень раней старшыня партыі незалежных сацыял-дэмакратаў SNSD Міларад Додзік, які даўно імкнецца да аддзялення Рэспублікі Сербскай ад дзяржавы Боснія і Герцагавіна, павіншаваў сваю давераную асобу Сінішу Карана з перамогай.

«Наша палітыка заўсёды была яснай і прысвечанай Рэспубліцы Сербскай і народу, і мне прыемна, што большасць народу прагаласавала так — дала падтрымку Сінішу Карану, SNSD і нашым кааліцыйным партнёрам. Асабіста гэта ўспрымаю, як падтрымку мне.

У найскладанейшых абставінах яны (апаненты) хацелі звергнуць Додзіка, у несумленным палітычным судовым працэсе, цяпер яны атрымалі двух Додзікаў, якіх цяпер будуць бачыць штодня», — заявіў лідар баснійскіх сербаў на брыфінгу ў партыйным штабе.

Да выбараў 23 лістапада маглі быць дапушчаныя 1,2 млн выбаршчыкаў у Рэспубліцы Сербскай. Пераможца выбараў будзе займаць пасаду толькі каля аднаго года, бо ў кастрычніку 2026 года ў Босніі і Герцагавіне адбудуцца агульнанацыянальныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула