Былы брамнік Генадзь Туміловіч застаўся ў Ізраілі без працы і трапіў у чорныя спісы банкаў
Не так даўно былы галкіпер зборнай Беларусі па футболе Генадзь Туміловіч атрымаў ізраільскі пашпарт і пераехаў туды жыць і працаваць. Але не ўсё ідзе гладка. «Цяпер знаходжуся ў такой дупе, што самому не выбрацца», — расказвае ён «Трыбуне».
Туміловіч пералічвае складанасці, з якімі сутыкнуўся ў Ізраілі.
— Мова, якая не вучыцца. Відаць, у мяне ўжо дэменцыя развіваецца бурнымі тэмпамі. Працы — нуль. Бо ўвесь Ізраіль сядзеў і чакаў, калі прыедзе Туміловіч. Прыехаў — і аказаўся на*** нікому не патрэбным. Звычайная такая сітуацыя. У мяне заканчваюцца ўсе трэнерскія ліцэнзіі: адны трэба падаўжаць, іншыя — здаваць нанова. Пакуль неяк так. За паўгода ў Ізраілі я паспеў так здзівіць банкаўскую сістэму, што аказаўся ва ўсіх чорных спісах. У мяне рэйтынг 150 з 1000. Гэта такі ўзровень, калі цябе нават не павінны да банка падпускаць. Я падыходжу да банка, вылятае ахоўнік з ружжом і кажа: «Ідзі на*** адсюль». Трохі ўсё ў жартаўлівай форме падаю, але сітуацыя вельмі кепская.
— А як апынуліся ў чорных спісах ізраільскіх банкаў?
— Тут чэкавыя кніжкі яшчэ існуюць. Ну, я ўзяў і выпісаў сабе некалькі чэкаў на дзясятку. Думаў, я іх сабе на дэпазіт паклаў. Адкрываю рахунак — 10 тысяч шэкеляў ляжыць! Думаю: «Ух ты, добрыя чэкі!». А аказалася, што калі праз тры дні ты іх не аплачваеш, то яны лічацца неаплачаным доўгам. А тут гэта самы страшны грэх. Адзін неаплачаны чэк — яшчэ добра, а тры — гэта ўжо катастрофа. Усё, я зараз не магу ні крэдыты ўзяць, ні аплачваць нічога ў растэрміноўку. Банкаўскую картку, груба кажучы, у дупу можна засунуць.
— То-бок гэта чыста праз няведанне правілаў у новай краіне?
— Так, так і ёсць. У банку спрабаваў гэта патлумачыць, копіі дакументаў паказваў. Але маё аддзяленне адправіла звесткі ў галоўны банк. Там пацвердзілі, што тры неаплачаныя чэкі — гэта ўжо п***а. І гэта на вельмі працяглы тэрмін: нехта кажа, што на год, нехта кажа — што на чатыры. Ну і адсутнасць стабільных паступленняў на картку дае аб сабе знаць.
Усё гэта яшчэ і на сям'ю ўплывае. З-за ўсёй гэтай сітуацыі жонцы таксама няпроста. Вось атрымліваецца, што страчваю сям'ю. А сям'я — гэта тое, што мяне яшчэ трымала на плаву, але зараз цяжка. (…)
— Вы ж працавалі трэнерам у мясцовым клубе. Што здарылася?
— Гэта быў пляжны футбол. Чэмпіянат Ізраіля доўжыўся месяц, яшчэ адзін месяц рыхтаваліся — вось і ўвесь сезон. Пляжнага футбола тут, па сутнасці, няма нават на паперы. Няма зборнай Ізраіля. Былі спробы яе стварыць, але федэрацыі футбола пытанне не вельмі цікавае. Патрэбна тэлебачанне і спонсары, каб від спорту прасоўваць. На дадзены момант б'юся галавой аб зачыненыя дзверы.
— Грошы, калі працавалі ў ізраільскім пляжным футболе, былі?
— Не, вядома. Грошы можна было толькі пра***ць, а не зарабіць. Прафесійных каманд няма ў прынцыпе. Груба кажучы, я сабраў каманду, ты сабраў каманду і яшчэ шэсць нашых сяброў сабралі каманды. Хто па мячы праз раз трапляе — падыходзіць. Згулялі за месяц і пра пляжны футбол шчасна забыліся. Федэрацыя кажа, што ні грошай, ні спонсараў няма. Адзіны плюс — праводжу індывідуальныя брамнікаўскія трэніроўкі на пяску. Усе займаюцца вялікім футболам, таму трэніроўкі магу праводзіць толькі па выхадных. Для падтрымання штаноў гэтага мала.
— Ізраіль — дарагая краіна?
— Раней думаў, што самыя дарагія краіны — Швейцарыя, Манака, Сінгапур. Якое, блін?! У Ізраілі не цэннік, а нешта ўвогуле нерэальнае. Для мяне гэта не тое, што нечаканасць, я проста а***ў. Калі працаваць на звычайнай працы (не кажу там пра ўсякіх айцішнікаў), то трэба мінімум 18 гадзін у суткі працаваць, каб спакойна аплачваць кватэру і больш-менш нармальна жыць. Не ўсё так салодка.
Калі гуляў у Ізраілі (са студзеня па ліпень 2000‑га ў складзе «Хапаэля Іроні». — Tribuna.com), у мяне ўзровень заробку быў даволі прыстойны. У Ізраілі тады плацілі крыху больш, чым у сярэднім клубе расійскай прэм'ер-лігі. Калі такія заробкі, хіба ты заўважаеш цэны?
— Дзяржава ў Ізраілі дапамагае?
— Паўгода для рэпатрыянтаў была штомесячная выплата ў памеры 2000 даляраў. З ёй было нашмат лягчэй, зараз жа — х***ва. Гэтая дапамога скончылася. А мая інваліднасць нікуды не дзелася. То-бок трэба пацвярджаць не толькі ліцэнзію, але і інваліднасць. З выгляду трымаюся, смяюся, але ўсё гэта на маральна-валявых.
— Адкуль у вас інваліднасць?
— У мяне трэцяя група, Чарнобыль, шчытападобная залоза. У нас жа з анкалогіяй у Беларусі ўсё пышна, яе проста няма. Бальніцы перапоўнены, але гэта «незразумела» хто і «незразумела» што яны там робяць. Гэта калі паслухаць нашых дзеячаў, даў****аў. Толькі за кошт аптымізму трымаюся. Цяжкая фізічная праца мне проціпаказаная. Можна сказаць, дзядзька Генік здзімаецца паціху.
— То-бок нават на будоўлю ці грузчыкам пайсці не можаце?
— Усё спрабаваў, шмат дзе працаваў. Мне 54 гады, здароўе ўжо не тое, усё складана. Дактары дазволу не даюць. А калі на свой страх і рызыку разгружаў кантэйнер, то потым тыдзень устаць не мог. Думаў, што памру.
У цэлым па здароўі пытанні вялікія — спорт, с**а, не дадае здароўя. Зараз правяраюць, круцяць-муцяць, аналізы-шманалізы. Шукаюць, як мне падоўжыць жыццё, але нешта пакуль нічога не знаходзяць. Раней плюнуў бы ўжо, але тут рэальна хранова сябе адчуваю праз дзень. Плюс дачка маленькая, трэба на ногі падымаць.
А ў педагагічнай сферы [каб працаваць] мова патрэбная — гэта асноўная праблема. Увечары, бывае, пакурыш — загаворыш, а раніцай ужо нічога не памятаеш.
— У вялікім футболе без іўрыту ніяк?
— Спачатку трэба пацвердзіць ліцэнзію. Калі працаваць дзесьці ў акадэміі, то іўрыт патрэбны. Да мяне ўжо на індывідуальныя трэніроўкі іўрытамоўныя прыходзяць, працэс ідзе. Тым больш у маім горадзе амаль усе па-руску гавораць, ізраільцяніна сапраўднага сустрэць вельмі цяжка.
Чытайце таксама:
Генадзь Туміловіч, толькі ўладкаваўшыся на працу ў Ізраілі, адразу ж уляпаўся ў скандал
Экс-брамнік зборнай Генадзь Туміловіч будзе працаваць трэнерам у Ізраілі
Былы брамнік Генадзь Туміловіч атрымаў грамадзянства Ізраіля