БЕЛ Ł РУС

Уладзімір Някляеў сёння прэзентуе ў Варшаве сваю новую паэтычную кнігу

23.11.2025 / 14:42

Nashaniva.com

Уладзімір Някляеў прэзентуе новы зборнік вершаў «Кніга лёсаў», які быў выдадзены ў выдавецтве «KEW». Прэзентацыя новай паэзіі адбудзецца сёння ў Варшаве.

Літаратурная сустрэча з беларускім класікам пройдзе лістапада ў Палацы Сташыца (Pałac Staszica) — аўтар сустрэнецца з чытачамі і прадставіць свае новыя творы.

Пачатак мерапрыемства запланаваны на 17:00 у зале 268.

Вось паэма з новай кнігі.

АДЗІНОТА

Паэма

1

Не таму, што над восенню лісцем кружляе самота,

Не таму, што кружляе самота над лёсам маім,

Не таму, што сядае

каханка мая

Адзінота

На калені мае і маўчыць невядома аб чым,

Не таму, што ў яе невыносна тужлівыя вочы,

У якіх, бы ў асенніх нябёсах, лятуць жураўлі,

І што ціха яна,

каб не чуў,

сёння плакала ўночы,

І што болем пакусаны ў кроў яе вусны былі,

Не таму, што яна

моўчкі рэчы на ранку збірае,

Аглядае пакой, ці забылася нешта, ці не,

Не таму, што сама

адзіноты ўжо больш не трывае,

І што кідае нават яна ў адзіноце мяне, —

Не таму!..

2

— А чаму? — запытаў я знямела,

спрабуючы ўспомніць:

чаму?

І ўспамінам знямелым

Праз краты

Праплыў у турму,

У палон да яе, у няволю спякотнага цела…

Як яна спакушала! Як прагла яна! Як хацела,

Каб я з ёю застаўся, каб я закахаўся ў яе!..

Ды пакуль яна ў лёхах турэмных са мной вар'яцела,

Як у яйку змяя, у каханні нянавісць саспела,

І ўпусціў я нянавісць у цёмныя лёхі мае…

…А цяпер

з адзінотай маёй

і нянавісці мне не стае.

3

— Я кахаю цябе… — мне Нянавісць юрліва шаптала, —

І цябе навучу ненавідзець мацней, чым кахаць.

І яна працякала па жылах, сабой наталяла

Так, як толькі Нянавісць умее сабой наталяць.

Ці сястра яе — Помста. «Яна мне паслана, як мука?

Дык скажы, як з ёй жыць?!.» — я з нянавісцю Богу крычаў.

Але Божа ты мой:

як жа лёгка давалася тая навука!

Як я хутка ўсіх тых зненавідзеў, каго я кахаў!

Не вярэдзіла сэрца Нянавісць, душу не паліла,

І вучыла, калі і любіць, дык сябе аднаго,

А Каханне забіць!..

Я не змог.

А Нянавісць забіла:

«Пражывеш

без падманаў ягоных

да скону свайго».

4

З Адзінотай лунаў я і ў далях пустэльных, і ў высях,

А з Нянавісцю мкнуў

у прадонні,

у прорвы жыцця.

Калі ж снілася мне Адзінота

і слёзна прасіла:

«Вярніся…» —

Дык Нянавісць будзіла:

«Прачніся! Твой сон — з небыцця…»

І збліжаліся мы, і ў нянавісці ўрэшце зліліся,

І з нянавісці нашай нарадзілася наша дзіця.

5

Ненавісна глядзелі,

бы ў прорву,

дачкі нашай вочы,

Ды якім бы дзіця ні было — гэта Богам асвенчаны дар.

Я люляў яе, песціў, лекаваў яе хворыя ночы,

Я яе цалаваў, а яна адварочвала твар.

«А ты мог бы яе… — запыталася ў час, калі гушкаў

Я дачушку, Нянавісць. І ў ноч адчыніла вакно. —

Выкінь!»

«Не!»

«Я сама!..»

Але ўткнулася ў грудзі дачушка

І з дзвюх смочак Нянавісці стала смактаць малако.

6

О, інстынкт мацярынства! Яго неадольная сіла,

Што парваць павуцінку жыцця

не дае ад пачатку вякоў!..

Ускарміла дачушку Нянавісць — і так палюбіла,

Як магла палюбіць яе толькі сляпая любоў!

І любові вучыць пачала, заклінаючы Бога:

«Пасялі ў ёй любоў! На каленях малю і прашу!..»

Але кроў — гэта кроў!

З ёй, атрутнай,

не зробіш нічога,

Калі нават яе

пераліць у святую душу.

І ваўчыцай узвыла Нянавісць —

аж свет скаланула,

І працяў яе сэрца

жалезам распаленым

боль,

Калі першыя словы дачкі сваёй крэўнай пачула:

«Ненавіджу ўвесь свет!

А цябе ненавіджу найбольш!»

7

Замятала снягамі гады, залівала дажджом,

Маладая Нянавісць бацькоўскі пакінула дом,

Падалася па свеце — да Рыма, Нью-Ёрка, Парыжа…

Яна стала поп-зоркай, і стала сусветным хітом

Яе першая песня: «Я маці найбольш ненавіджу!»

Не спяваў гэткіх песень ніхто і не чуў на вяку,

І любоў сваю

жорнамі болю

Нянавісць змалола ў муку,

І вярнулася ў сэрца яе ненавісная сіла:

«Ты чаму не забіў?!

Чаму я не забіла?!

Ненавіджу!.. — стагнала Нянавісць, пачуўшы дачку, —

І яе, і таго, ад каго я яе нарадзіла!

Праклінаю Любоў!..»

8

І паўстала сястры яе постаць,

І ўвайшла ў маю кроў — і ўва мне запалілася Помста.

Асляпіла мяне. Не давала нічога мне помніць,

Апроч крыўдаў, абразаў, знявагаў, падманаў і здрад,

І ўсё тое, чым помсціў, яна мне вяртала назад,

І я жыў толькі ёй, толькі помсціў, і помсціў, і помсціў,

Захлынаўся я ёй, быццам самазабойца крывёй,

Нібы д’ябал душой, што была ўжо душой не маёй,

А душой маёй помсты, якая пякла бліскавіцай,

У апёках якой не хацеў і не мог я спыніцца, —

І пракляў Адзіноту!..

І пачуў яе голас з мальбой:

«Супыніся…

Ты помсціш не мне…

А таму, хто раней быў табой».

9

Роўна ў свеце ўсяго. Анічога ні многа, ні мала.

Адзінота паперадзе Помсты, як здань, паўставала

І казала: «Я ў «Journal of Physics» чытала пра тое,

Што пустое ў Сусвеце зусім не пустое,

Што Сусвет наш бясконцы,

бо ўвесь ён з адной пустаты,

Дык не бойся яе, не палохайся да нематы».

Мы былі

вочы ў вочы —

сусветная цемра між намі плыла…

У пару, калі з намі Нянавісць яшчэ не жыла,

Адзінота была не каханкай — каханай маёй,

І нікога, нічога не было паміж мною і ёй.

10

— Я кахаю цябе.

— Ты кахаеш мяне?.. Гэта тэма

Для паэмы?..

— О, не!

— Што ж, шкада… Я любіла паэмы твае.

Усё тое, што ты — гэта вершы твае і паэмы.

— Яшчэ ты…

— І Нянавісць. Ты напішаш пасля пра яе.

— Ты раўнуеш?..

— Раўную? Цябе да Нянавісці? Што ты!..

Чым жывеш ты? Што маеш у свеце, апроч адзіноты?

Ты сапраўдны са мною.

Не кніжны. Жывы. Не паперны.

І таму, з кім і дзе б ты ні быў,

застанешся мне верны.

— Тады тое, што ёсць паміж намі, таксама жывое.

— Што жывое між намі?

— Каханне.

— О! Слова якое

Пышнагрудае!

— Што?..

— Сонца згаслае…

— Хай. Але грэюць апошнія промні,

Далятаюць іскрынкі святла…

— Ты іскрынкаю быў!

Кім ты стаў?

Ты хоць ведаеш, хто ты? Ты помніш,

Хто з табой?

— Не. Не помню. Не ведаю, з кім я. Забыў.

11

З цёмных лёхаў вязніц, з адзіноты глухіх сутарэнняў,

Бы ў нізіны туман,

наплывала на памяць зацьменне.

Забывалася ўсё. Чаго многа было, чаго мала.

«А што будзе са мной?..» —

як жывое, Каханне спытала.

Быццам дзесьці блукала,

абраўшы не тую дарогу,

За туманам яно паўставала,

гукалася ў слёзнай мальбе,

І я ўспомніў,

як дзякаваў я за яго ўсемагутнаму Богу,

І сказаў: «Я не помню,

што будзе са мной без цябе».

12

Я быў адзін з маёю адзінотай.

Яна была і сцюжай, і спякотай,

Каханнем і нянавісцю была,

Празрыстая, як рыбіна са шкла,

Ва ўсе бакі яна ўва мне плыла

І ўверх, і ўніз, дзе я не бачыў дна…

Я быў адзін,

яна была адна

На ўсе часы, на ўвесь працяг зямны —

І ад пачатку, з даўняй даўніны

Мы мелі ўсё, што ў адзіноце трэба:

Нідзе нікога. І былі адны

Зямля пад намі і над намі неба,

Пакуль не адабрала іх турма.

Цяпер ні неба, ні зямлі няма.

13

Можна некалі выйсці з турмы —

З адзіноты не выйсці ніколі.

Напачатку была яна прывідам волі,

А пасля — пажыццёвай вязніцай маёй,

У якую ўпаўзала нянавісць змяёй.

Анішто ў гэтым свеце не трымала мяне, як яна:

«Я баюся!»

«Чаго ты баішся?»

«Застаццам адна!»

А калі знемагала, паслабляла абдымкі свае,

Адпускала: «Ідзі!» — дык вяртаўся я сам да яе.

— Ты шукаеш дарогу ці выйсце? Замкнёнае кола

І адно, і другое, — яна мне казала, калі

Вырываўся з абдымкаў яе, бег да краю зямлі,

А за ім — адзінота. Неабсяжнасць, дзе пуста і гола.

Я замкнёны ў ёй быў. У замежжах і дома

Яна рознай бывала, але дома — люцей,

Быццам лютасць Айчыны ўбірала,

якая сваіх ненавідзіць дзяцей, —

А чаму?!.

Невядома.

14

Дарога ў невядомае вяла,

А дрэвы ўздоўж дарогі амяла

Абсыпала

і сокі з іх смактала.

«Падобна да жыцця твайго…» — сказала

Мне Адзінота, і Нянавісць ёй

Адразу падпяяла: «Твой і мой

Ён выпіў сок, зусім я кволай стала…»

Адно Каханне на дарозе той,

Дзе амяла квітнела, прамаўчала.

«Яно цябе баіцца, — нараспеў

Сказала Помста. — Помніш, ты хацеў

Забіць яго…»

«О, не! Усё, што меў і маю,

Адно яно!..» — пачуў я, як спяваю,

І Адзінота мовіла: «Спявай…

Напевы пра каханне цешаць Бога…»

Дарога даганяла небакрай —

І ўрэшце прывяла мяне дарога

Ад Усяго,

што меў я,

да Нічога.

15

У цягніку амаль пустым,

Начным, які ўжо дыхаў стомай,

Я на дарозе невядомай

Сустрэўся невядома з кім.

І гэты невядома хто,

Стамлёны спадарожнік гэты,

Сядзеў у чорным паліто

І ў цемрадзі чытаў газету.

І, паглядзеўшы на мяне,

Здзіўленне ўбачыўшы на твары,

Паляпаў ён па каптане,

Дастаў з кішэні акуляры.

Надзеў. Але чытаць не стаў.

У вочы мне зірнуў бяздонна

І ў гул, які ўсё нарастаў,

На ўсім хаду сышоў з вагона.

Я выйшаў следам. Не было

Ніякай станцыі. Мігцелі

У небе зоркі, і святло

Плыло наперадзе ў тунэлі.

16

Не таму, што ў лясах

восень лісце апошняе паліць,

Не таму, што ўжо неба сівее і вее зімой,

Не таму, што з усіх

Галасоў дарагіх

толькі голасам здрадніцы

памяць

Размаўляе са мной,

Не таму, што не помню таго, што яна ўспамінае,

Што сама забывае, было яно ці не было,

І што лодка ўспамінаў,

якая ў туман вечаровы сплывае,

У віры закруцілася, недзе згубіўшы вясло,

Не таму, што нясуць яе хвалі туды, дзе вытокі,

Дзе пялюшкі ў калысцы — і дзе на магілах граніт,

На якім напісáна, што кожны ў жыцці адзінокі,

Як прыходзіць з нябыту адзін — так сыходзіць адзін у нябыт,

Не таму, што ўжо з лодкі ў раку

не закідваць мне сеці

І са срэбных віроў

залатых не выцягваць вугроў,

Не таму, што вясло маёй лодкі ўжо там —

у рацэ на тым свеце,

Дзе няма ні вугроў залатых і ні срэбных віроў,

Не таму, што каханне ад болю пакусвала губы,

Што ў ягоных вачах

жураўлі праляталі ў асенняй журбе,

Што пытала яно:

«Як ты жыць без мяне будзеш, любы?» —

Што адказваў:

«Не помню, што будзе са мной без цябе», —

Не таму,

што ў люстэрку двайнік у судзейскім убранні

Углядаецца ў твар мой з нянавісцю ўсёй,

Той, якая ўзышла з адзіноты, забіла каханне,

Той, якая і жонкай была, і дачкою маёй,

Не таму нават,

што

на сыходзе,

на схіле,

на сконе

Не магу разглядзець,

бо на вокнах апошнім дажджом затуманіла шкло:

У жыцці ўсім маім,

у амаль апусцелым, што дыхае стомай,

вагоне,

быў хто-небудзь са мной,

ці нікога са мной не было? —

Не таму!..

А чаму?..

25‑30 траўня, Польшча, Балеславец, шпіталь.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула