На Беласточчыне ўрачыста адкрылі шыльды на радзіме Кастуся Каліноўскага
У Мастаўлянах на Беласточчыне, недалёка ад мяжы з Беларуссю, урачыста адкрылі інфармацыйныя шыльды на тэрыторыі былога сядзібна-паркавага ансамбля, дзе ў 1838 годзе нарадзіўся беларускі нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі. Агулам на ўрачыстасць сабралася пад сотню чалавек, піша «Радыё Рацыя».
Ад Аргкамітэта мемарыялізацыі сядзібы Каліноўскіх гасцей віталі кіраўніца аргкамітэта Вольга Сямашка і скульптар Януш Талуць, якія ўрачыста знялі покрыва з шыльдаў і расказалі пра працэс іх усталявання.
Урачыста асвяціў шыльды ксёндз Вячаслаў Барок з душпастырства беларусаў-каталікоў у Варшаве. Гасцей віталі намесніца бурмістра Міхалоўскай гміны Эльжбета Расіньска і прадстаўнік управы Беластоцкага павета Генрык Сухоцкі, якія падзякавалі за такую важную для рэгіёну ініцыятыву. Асобна Генрык Сухоцкі нагадаў, што акурат 22 лістапада 2019 года адбылося перапахаванне парэшткаў Каліноўскага ў Вільні і расказаў пра свой удзел у ім.
Слова ўзяў і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, які падтрымаў аргкамітэт у такой важнай справе па ўсталяванні шыльдаў, яшчэ раз нагадаўшы, што імя Каліноўскага ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю Беларусі, Польшчы і Літвы. Таксама Латушка падтрымаў ідэю стварэння музея-сядзібы Каліноўскага.
Ад дома культуры ў Гарадку, чыім патронам з’яўляецца Кастусь Каліноўскі, выступіла дырэктарка Магдалена Лотыш, а свае песні заспяваў мясцовы артыст Ян Карповіч, які выканаў песні «Нёман» і «Маналог паўстанцкага каня». Таксама вітаў прысутных прафесар Лявон Тарасэвіч, які адзначыў важнасць такіх шыльдаў і захавання памяці Каліноўскага.
Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел прадстаўнікі партнёраў аргкамітэта, без якіх бы гэта свята не атрымалася — Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беларускай дыяспары ў Беластоку і клуба Invictus 1863. Асобна перад прысутнымі выступіў беларускі экс-добраахвотнік, які падзякаваў аргкамітэту за шыльды і пажадаў, каб у будучым музеі знайшлося месца і для «каліноўцаў» — людзей якія загінулі за свабоду Беларусі і ўсяго рэгіёну на вайне ва Украіне.
Чытайце таксама:
Пад Астраўцом прыбралі помнік паўстанцам 1863 года, пастаўлены жыхарамі раёна
У Мастаўлянах на Падляшшы ўсталявалі шыльды на месцы нараджэння Каліноўскага