Выйшаў на свабоду палітвязень Міхаіл Сталярчук
Гэта грамадзянін Украіны, якому прысудзілі 6 гадоў калоніі за тое, што ён нібыта збіраў звесткі пра вайсковую тэхніку на тэрыторыі Беларусі яшчэ з 2018 года. Ён выйшаў на свабоду ў выніку сённяшняга памілавання Лукашэнкам і наступнага вызвалення з беларускіх турмаў 31 грамадзяніна Украіны.
Міхаіл Сталярчук. Скрыншот відэа
Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, Міхаіл Сталярчук быў асуджаны паводле арт. 358‑1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць). Ён грамадзянін Украіны. Разам з ім паводле гэтай справы быў таксама асуджаны іншы ўкраінец — Дзмітрый Гудзік.
Паводле версіі абвінавачання, мужчыны збіралі даныя пра вайсковую тэхніку і аб'екты ў Беларусі на заданне Службы бяспекі Украіны. 24 лістапада 2022 года ў Брэсцкім абласным судзе ім вынеслі прысуд. Суддзя Андрэй Лешчанка прызначыў Міхаілу шэсць гадоў калоніі, а Дзмітрыю — пяць.
Было некалькі закрытых пасяджэнняў. Пра вынік суда і сутнасць абвінавачання стала вядома з прапагандысцкага фільма АТН «Контрразведка. Аперацыі беларускага КДБ супраць спецслужбаў Захаду і Украіны», дзе згадваліся таксама палітвязні Дзяніс Івашын, Юрась Зянковіч, фігуранты справы «Атрадаў грамадзянскай самаабароны» і іншыя.
Згодна з сюжэтам, украінцаў затрымалі на пункце пропуска Брэсцкай вобласці «Макраны» — яны ехалі на аўтобусе Львоў — Брэст. Дата затрымання не называлася, але, меркавана, гэта здарылася ў пачатку 2022 года — ва ўкраінскіх крыніцах фігуруе дата 22 лютага. Згодна з версіяй абвінавачання, на заданне Службы бяспекі Украіны яны збіралі даныя пра вайсковую тэхніку і аб'екты з 2018 года. З імі быў затрыманы таксама Ігар Дзірко, але замест судовага пераследу яго выслалі з Беларусі.
Міхаіл Сталярчук адбываў пакаранне ў калоніі № 3 «Віцьба» пад Віцебскам.
Чытайце таксама:
«Мама, я дома!» — «Як дома?!» Адна з вызваленых украінак — дзяўчына Юлія ВІДЭА
Вызваленых з няволі ўкраінцаў сустракаў асабіста Кірыла Буданаў ВІДЭА