Трамп сустрэўся ў Белым доме з Зохранам Мамдані. Яны паводзілі сябе як найлепшыя сябры
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 21 лістапада правёў у Авальным кабінеце Белага дома нечакана цёплую сустрэчу з абраным мэрам Нью-Ёрка Зохранам Мамдані, з якім раней меў вострыя публічныя канфлікты. Раней Трамп называў Мамдані «стопрацэнтным камуністычным лунатыкам» і «поўным псіхам», а Мамдані адкрыта крытыкаваў адміністрацыю Трампа як «аўтарытарную». Цяпер жа абодва дэманстравалі на публіцы найлепшыя адносіны.
Зохран Мамдані і Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Evan Vucci
На сустрэчы абодва палітыкі засяродзіліся на абмеркаванні агульных праблем горада, асабліва на пытаннях даступнага жылля, і пазбягалі асабістых нападак. Трамп адзначыў, што ўражаны палітыкам, які раней называў яго адміністрацыю аўтарытарнай, і паабяцаў падтрымку ў працы над гарантаваннем бяспечнага і моцнага Нью-Ёрка.
Мамдані, які ўступіць на пасаду ў студзені, у сваю чаргу падкрэсліў, што сустракаўся з прэзідэнтам менавіта для абмеркавання магчымасцяў зрабіць Нью-Ёрк больш даступным для жыхароў. Ён адзначыў, што сустрэча была сканцэнтраваная не на рознагалоссях, а на агульнай мэце служэння гораду.
Сустрэча адкрыла новыя палітычныя магчымасці для абодвух палітыкаў: нягледзячы на папярэднія вострыя стасункі, яны прадэманстравалі дружалюбную атмасферу і жаданне супрацоўнічаць. Трамп паабяцаў не ўводзіць у дзеянне ранейшыя пагрозы пра абмежаванне федэральнага фінансавання Нью-Ёрка, а журналісты адзначылі нечаканую цёпласць і ўзаемную павагу падчас абмену каментарамі.
Кароткая напружаная паўза ўзнікла толькі тады, калі прагучала пытанне: «Спадар Мамдані, ці пацвярджаеце вы, што лічыце Трампа фашыстам?». Мамдані пачаў было тлумачыць: «Я казаў пра…». Але Трамп перабіў яго, па-сяброўску паляпаўшы па руцэ: «Усё нармальна, можаш сказаць «так». Так прасцей, чым тлумачыць. Я не супраць». Мамдані ў адказ кіўнуў.
«У яго ёсць шанец зрабіць нешта сапраўды вялікае, — заявіў Трамп. — Калі ён даб'ецца поспеху, гэта дапаможа федэральнаму ўраду, і мы будзем дапамагаць яму. […] Я люблю Нью-Ёрк, я адтуль родам. Быць мэрам Нью-Ёрка — гэта крута, я б таксама з задавальненнем!»
Чытайце таксама:
Дэмакрат-сацыяліст Захран Мамдані перамагае на выбарах мэра Нью-Ёрка
Трамп сказаў, за каго галасаваць на выбарах мэра Нью-Ёрка, інакш парэжа гораду фінансаванне
Трамп: У нас ёсць план, Зяленскаму ў пэўны момант давядзецца нешта прыняць