З Беларусі дазваляюць выязджаць толькі тым літоўскім фурам, якія заехалі ў краіну пасля адкрыцця мяжы
Прэзідэнт асацыяцыі аўтаперавозчыкаў «Лінава» Эрландас Мікенас паведаміў, што Беларусь дазваляе вяртацца ў Літву толькі тым фурам, якія ўехалі ў краіну ўжо пасля таго, як мяжа была зноў адкрытая. Тыя ж кіламетры фур, што стаяць у Беларусі з пачатку месяца, па-ранейшаму не могуць выехаць: Мінск патрабуе дыпламатычных кансультацый з Вільняй, паведамляе LRT.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Паводле словаў Эрландаса Мікенаса, новыя фуры суправаджае беларуская мытня да тэрміналаў, дзе яны разгружаюцца, зноў загружаюцца і ў суправаджэнні вяртаюцца да мяжы з Літвой. Аднак перачапленне прычэпаў цяпер забароненае, таму перавозчыкі могуць толькі разгрузіць і загрузіць груз у той жа самы прычэп, што ўскладняе працу і павялічвае рызыку пашкоджання тавару.
Ён адзначыў, што такі парадак ужо дзейнічаў для польскіх перавозчыкаў, але раней не было патрабаванняў аб суправаджэнні да тэрміналаў.
Мікенас лічыць, што забарона на выезд «старых» фур мае палітычны характар: Мінск хоча гарантый, што Літва зноў не закрые мяжу, бо раней былі жорсткія выказванні з боку літоўскага ўрада.
Кіраўнік «Лінавы» гаворыць, што прагназаваць, калі ўдасца вярнуць затрыманую тэхніку, немагчыма: «Толькі Бог ведае».
Літоўская прэм’ер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што такая сітуацыя сведчыць пра гібрыдную атаку рэжыму Лукашэнкі. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў не драматызаваць праблему, але паабяцаў высветліць прычыны, чаму фурам не дазваляюць вярнуцца.
Літва адкрыла мяжу, закрытую з канца кастрычніка, уначы з серады на чацвер, аднак літоўскія перавозчыкі пасля таго ўсё яшчэ не могуць пакінуць беларускія стаянкі.
Чытайце таксама:
За двое сутак у Літве перахапілі 10 кантрабандных шароў і затрымалі восем падазраваных
МЗС Літвы заявіла афіцыйны пратэст у сувязі з затрыманнем у Беларусі літоўскіх грузавікоў
Літоўская апазіцыя атакуе ўрад за тое, што мяжу адкрылі, а фуры застаюцца ў палоне