БЕЛ Ł РУС

Брытанка адправілася ў ЗША з намерам знайсці гвалтоўную смерць. І ў яе атрымалася

22.11.2025 / 11:36

Ідаля Салавей

Жанчына пазнаёмілася са сваім забойцам у тэматычным чаце для аматараў фетышаў і прыляцела да яго ў Фларыду, каб ён выканаў яе жахлівае жаданне — жорстка забіць яе. Праз некалькі дзён яе цела знайшлі закапаным у лесе, а апошнія хвіліны жыцця жанчыны аказаліся зафіксаванымі на відэа.

Соня Эксэлбі. Фота: sonia.exelby / Facebook

32‑гадовая стваральніца лічбавага кантэнту з брытанскага Портсмута Соня Эксэлбі (Sonia Exelby), мела дакументальна пацверджаныя праблемы з псіхічным здароўем. Аднак сапраўдны маштаб яе стану раскрыўся толькі пасля смерці: вывучыўшы камп'ютар жанчыны, паліцыя знайшла доказы таго, што яна шукала ў інтэрнэце людзей, гатовых жорстка яе забіць. З падрабязнасцямі знаёміць Daily Mail.

Прыкладна за два гады да трагедыі ў тэматычным чаце для аматараў фетышаў Соня пазнаёмілася з жанатым бацькам дваіх дзяцей 53‑гадовым амерыканцам Дуэйнам Холам (Dwain Hall). У сеціве ён выкарыстоўваў нік «alphasadist».

Па словах Хола, Соня расказвала яму пра сваё жаданне памерці, але ён спрабаваў яе адгаварыць. Тым не менш іх камунікацыя прывяла да таго, што Соня спланавала паездку ў ЗША, каб сустрэцца.

10 кастрычніка Соня Эксэлбі вылецела з лонданскага аэрапорта Хітроў у Фларыду. Яна мела зваротны білет на 13 кастрычніка. Перад вылетам жанчына са сваёй банкаўскай карткі аплаціла арэнду жылля праз Airbnb у акрузе Мэрыян, штат Фларыда. Дуэйн Хол сустрэў Соню ў аэрапорце і адвёз яе ў загадзя аплачанае жыллё.

Калі 13 кастрычніка Соня не вярнулася ў Вялікабрытанію, яе сям'я і хлопец Стыў Хант забілі трывогу і паведамілі пра яе знікненне. Стыў апублікаваў у інстаграме эмацыйны пост аб дапамозе, у якім напісаў:

«Мы лічым, што яна дамовілася сустрэцца там з кімсьці і трапіла ў надзвычай уразлівую сітуацыю».

У гэты ж час Соня адпраўляла сябрам у Вялікабрытанію праз месенджар Discord трывожныя паведамленні. У гэтых «доўгіх і бязладных», паводле паліцыі, тэкстах яна пісала:

«Прабачце, ён увесь час забірае мой тэлефон… Ён даў зразумець, што выйсця няма, калі я не застрэлю яго… Я не магу нікога забіць… Мне так страшна, я такая разбітая і мне так балюча».

Апошнія моманты жыцця Соні былі зафіксаваныя на відэа, якое, як мяркуе паліцыя, Хол зрабіў, каб абараніць сябе ад абвінавачванняў. На відэа відавочна засмучаная Соня сядзіць на крэсле са шматлікімі сінякамі на твары, шыі і грудзях. Хол пытаецца ў яе, чаму яна ў ЗША, на што жанчына са слязамі адказвае: «Таму што я жахлівы чалавек. Я зламала кожнага, хто мяне калі-небудзь любіў».

Далей ён пытаецца, як яна хоча памерці. Спачатку Соня адмаўляецца адказваць, але потым кажа: «Я хачу, каб мяне ўдарылі нажом». Хол удакладняе: «Гэта тое, як ты хацела памерці, так?», і яна ківае. На пытанне, ці прымушаюць яе рабіць нешта супраць яе волі, яна адмоўна хітае галавой.

Дуэйн Хол. Фота: Турма акругі Марыён / ladbible.com

Падчас допыту Хол прызнаўся, што ў іх з Соняй быў сэксуальны кантакт, які, паводле яго слоў, ініцыявала яна. Пакуль паліцыя дапытвала Хола, цела Соні было знойдзена ў неглыбокай магіле ў лясным масіве. Яе асобу вызначылі па адбітках пальцаў.

Доказы супраць Хола былі неабвержнымі. Падчас ператрусу ў яго доме паліцэйскія знайшлі рыдлёўку, сляды глебы з яе супалі з глебай з месца пахавання Соні. Больш за тое, на ручцы інструмента была знойдзена яе кроў.

Следчым таксама ўдалося выявіць і меркаваную зброю забойства — нож. Хол спрабаваў пазбавіцца ад яго, адправіўшы па пошце свайму сябру. Аналіз ДНК пацвердзіў, што сляды крыві на лязе належаць Соні Эксэлбі. Нарэшце, высновы следства былі падмацаваныя вынікамі судмедэкспертызы, якая вызначыла, што прычынай смерці жанчыны сталі чатыры нажавыя раненні.

Паліцыя лічыць, што відэазапіс быў спробай Хола стварыць ілжывае ўражанне, быццам усё адбывалася па згодзе ахвяры, каб пазбегнуць адказнасці за выкраданне і забойства. 17 лістапада мужчына быў арыштаваны. 

Чытайце таксама:

Мінчук 30 гадоў таму забіў былога мужа сваёй каханай. Цяпер яго знайшлі і далі 12 гадоў калоніі

Стала вядома, што здарылася з хлопчыкам, якога расчлянілі і кінулі ў сажалку ў Маскве

Забіваў пацыентаў, каб менш працаваць уначы. Гісторыя медбрата ў Германіі

Каментары да артыкула