БЕЛ Ł РУС

Другі дзень запар з Беларусі ў Еўрасаюз не спрабуе прабіцца ніводзін мігрант

20.11.2025 / 18:52

Nashaniva.com

Паводле аналізу аператыўных звестак памежных службаў краін Еўрасаюза, які правёў «Позірк», ужо другі дзень запар не адзначаецца ніводнай спробы незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі, піша «Радыё Свабода».

На мяжы Беларусі з Польшчай. Фота: AP Photo / Rafal Niedzielski

За ўвесь 2025 год на мяжы ЕС і Беларусі такіх ціхіх дзён было толькі шэсць — пяць у студзені і адзін у сакавіку.

Літва з пачатку лістапада не зафіксавала ніводнага нелегальнага пранікнення. У Польшчы спробаў пераходу па-за пунктамі пропуску не было тры дні запар — з 17 да 19 лістапада. Латвія апошні раз адзначыла такія выпадкі 17 лістапада, і гэта быў мінімальны паказчык за паўтара тыдня.

Усяго з пачатку месяца краіны ЕС зафіксавалі 779 спробаў незаконнага пераходу мяжы з Беларусі: 0 у Літве, 505 у Латвіі і 274 у Польшчы. Гэта на 12,6% менш, чым за такі ж перыяд у 2024 годзе, і амаль у тры разы менш, чым у 2023-м.

На польскім участку колькасць парушэнняў зменшылася ў 2,2 раза ў параўнанні з мінулым годам, у той час як у Латвіі — вырасла больш чым у два з паловай разы. Літва год таму за той жа час зафіксавала 102 спробы.

З пачатку 2025 года краіны Еўрасаюза паведамілі пра 41 939 спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі — на 19,7% больш, чым за аналагічны перыяд летась, і больш, чым за ўвесь 2024 год.

Чытайце таксама:

«Пасля няўдалай кавалерыйскай атакі ў форме закрыцця межаў суседзі Беларусі могуць выбраць варыянт мірнага суіснавання з рэжымам»

Нуль парушэнняў: мігранты не спрабавалі нелегальна перайсці межы Літвы, Латвіі і Польшчы

Спробы нелегальнага пераходу мяжы з Польшчай у апошнія дні амаль спыніліся

Каментары да артыкула