Што цяпер знаходзіцца на месцы клінікі «Новы зрок» у Мінску?
Медыцынскі цэнтр «Новы зрок» у 2023 годзе трапіў пад каток рэпрэсій — улады пазбавілі яго ліцэнзіі, а пазней заснавальніку Алегу Каўрыгіну завочна прысудзілі 12 гадоў калоніі.
Будынак «Новага зроку» на Клумава, 5а ў Мінску. Фота: «Яндэкс Карты»
Пасля закрыцця памяшканні сеткі клінік у розных гарадах былі выстаўленыя на аўкцыёны.
Як стала вядома, па адрасе Клумава, 5а ў Мінску, у будынку, дзе раней была клініка «Новы зрок», адкрылася дзяржаўнае дзіцячае афтальмалагічнае кансультатыўна-дыягнастычнае аддзяленне мікрахірургіі — частка 10‑й гарадской клінічнай бальніцы. Аддзяленне дзейнічае з 24 студзеня 2025 года.
Калектыў новага аддзялення 10‑й бальніцы. На заднім фоне бачныя надпісы, што былі на шкляных дзвярах і сценах клінікі «Новы зрок». Фота: 10gkb.by
Будынак «Новага зроку» на Клумава, 5а ў Мінску. Фота: «Яндэкс Карты»
«Што тычыцца клінікі ў Мінску, то ўжо атрыманы дакумент, што ў студзені нейкі суд адбыўся (заснавальніка на яго не запрасілі). Было прынята рашэнне фактычна адабраць будынак. Потым прыйшла папера, што дакументы новага ўласніка накіраваныя ў суд. Хто гэты ўласнік, мы не ведаем», — расказваў у красавіку 2025 года Алег Каўрыгін у інтэрв'ю «Люстэрку».
Раней паведамлялася, што на аўкцыёне таксама прадалі памяшканне клінікі ў Магілёве (праспект Міра, 6−8, плошча 389 квадратных метраў). Яго купілі за 771 тысячу рублёў, але новы ўласнік невядомы.
У чым сутнасць справы сеткі клінік «Новы зрок»?
У 2023 года Камітэт дзяржкантролю ўзяўся за медцэнтр «Новы зрок». Паведамлялася, што ДФР выявіў у сетцы клінік схему выплаты заробкаў у канвертах: больш як 50 работнікаў нібыта атрымалі звыш 2,5 мільёна рублёў міма бухгалтэрыі. Асноўным фігурантам назвалі заснавальніка сеткі Алега Каўрыгіна, які даўно жыў за мяжой. У дачыненні яго і некалькіх супрацоўнікаў завялі справу аб ухіленні ад аплаты падаткаў.
27 ліпеня 2023‑га Мінздароўя пазбавіла сетку ліцэнзіі, спаслаўшыся на парушэнні ў дакументах. Усе абвінавачанні Алег Каўрыгін назваў надуманымі і заявіў пра вымушаны выхад з беларускага рынку, пасля чаго клінікі закрылі, а персанал звольнілі.
У 2024 годзе Каўрыгін атрымаў завочны прысуд — 12 гадоў калоніі і буйны штраф. Акрамя падатковых абвінавачанняў, яму інкрымінавалі і шэраг палітычных артыкулаў — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, распальванне сацыяльнай варожасці і заклікі да санкцый. Ён называе справу палітычна матываванай.
Чытайце таксама:
З трох памяшканняў закрытай клінікі «Новы зрок» прадалі толькі адно
Заснавальніка медцэнтра «Новы зрок» завочна прысудзілі да 12 гадоў калоніі
У «спіс тэрарыстаў» дадалі дзевяць чалавек, у тым ліку кіраўніка «Новага зроку»
«Я ніколі не плаціў бандытам». Вялікае інтэрв'ю з кіраўніком рэквізаванай сеткі клінік «Новы зрок»