БЕЛ Ł РУС

Мужчына з Індыі страціў у выніку катастрофы ў Саудаўскай Аравіі 18 членаў сваёй сям’і

18.11.2025 / 18:7

Nashaniva.com

35‑гадовы Саед Рашыд некалькі дзён таму развітаўся са сваякамі, калі яны ехалі ў паломніцтва ў Саудаўскую Аравію. Ён і не падазраваў, што больш ніколі іх не ўбачыць. Але ў выніку ён страціў 18 членаў сваёй сям'і ў выніку аўтакатастрофы каля горада Медзіна ў Саудаўскай Аравіі, паведамляе Hindustan Times.

Сям'я Саеда Рашыда перад ад'ездам у Саудаўскую Аравію ў аэрапорце Хайдарабада. 17 лістапада 2025 года. Фота: PTI

Сярод ахвяр катастрофы былі бацькі Саеда, чыгуначнік-пенсіянер, 65‑гадовы Шайк Насіруддзін і 60‑гадовая Ахтэр Бегум. Таксама ў аўтобусе сярод іншых былі ягоны 38‑гадовы брат, 35‑гадовая нявестка, трое іх дзяцей і яшчэ больш за дзясятак іншых сваякоў.

Саед Рашыд сказаў, што асабіста праводзіў сям'ю ў аэрапорце горада Хайдарабада, калі яны выправіліся ў паломніцтва. Ён успомніў, як пераконваў іх не падарожнічаць разам, асабліва з дзецьмі.

«Я і ўявіць сабе не мог, што бачу іх у апошні раз. Прынамсі, некаторыя з іх выжылі б, калі б паслухаліся», — сказаў ён.

Раней стала вядома, што не менш за 45 паломнікаў з Індыі загінулі ў Саудаўскай Аравіі ў аварыі з аўтобусам. ДТЗ адбылося 17 лістапада раніцай недалёка ад Медзіны: аўтобус, які накіроўваўся з Мекі, сутыкнуўся з дызельнай цыстэрнай, пасля чаго ўспыхнуў пажар.

У аўтобусе было каля 46 пасажыраў, у тым ліку 20 жанчын і 11 дзяцей. Паводле папярэдняй інфармацыі, толькі адзін чалавек выжыў, астатнія загінулі на месцы.

Следчыя органы Саудаўскай Аравіі высвятляюць абставіны аварыі. Па папярэдніх даных, прычынамі трагедыі маглі стаць тэхнічныя няспраўнасці і парушэнне правіл перавозкі пасажыраў.

Чытайце таксама:

У цэнтры Стакгольма аўтобус урэзаўся ў прыпынак

Пацярпелай у Тайландзе беларусцы зрабілі пераліванне крыві

У ЗША ў аварыю трапіў грузавік з лабараторнымі малпамі. Частка жывёл разбеглася

Каментары да артыкула