Туск: Дыверсію на чыгунцы арганізавалі двое ўкраінцаў, яны выехалі ў Беларусь
Дыверсіі павінны былі прывесці да катастрофы ў чыгуначным руху.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што дыверсіі на чыгунцы здзейснілі двое грамадзян Украіны, якія супрацоўнічаюць з расійскай разведкай. Мужчыны ўцяклі з Польшчы ў Беларусь праз памежны пераход у Тарэспалі.
Туск паведаміў, што адзін з іх у маі быў асуджаны судом у Львове за акты дыверсіі на тэрыторыі Украіны. Другі паходзіць з Данбаса.
Паводле яго слоў, на гэтым этапе дзеянняў спецслужбаў ён не можа паведаміць грамадскасці больш падрабязныя даныя пра дыверсантаў.
Туск расказаў, што пасля выбуху ў раёне вёскі Міка мужчыны выехалі з краіны праз польска-беларускі пераход у Тарэспалі. Як ён дадаў, зрабілі яны гэта тады, калі не былі яшчэ ідэнтыфікаваныя службамі.
Кіраўнік польскага ўрада дадаў, што спецслужбы маюць пэўнасць: спроба падрыву шляхоў у ваколіцах вёскі Міка і парушэнне інфраструктуры чыгункі пад Пулавамі — гэта два акты дыверсіі, якія мелі давесці да катастрофы ў чыгуначным руху.