Мінск спакушае Вашынгтон калійнымі ўгнаеннямі?
Эксперты дапускаюць, што патэнцыйна Беларусь магла б прадаваць угнаенні ў Амерыку.
Руднік «Беларуськалія». Фота: Наша Ніва
Беларускія ўлады могуць спакушаць ЗША пастаўкамі калійных угнаенняў па канкурэнтных цэнах. Гэту тэму абмяркоўвалі эканамісты і палітолагі ў літоўскіх СМІ.
Сёння ЗША купляюць калій пераважна ў Канадзе. Гэта дае Атаве зручны рычаг для ціску на гандлёвых перамовах з Вашынгтонам, што ідуць са скрыпам.
Прадукцыя «Беларуськалія» раней мела асноўныя рынкі збыту ў Кітаі і Індыі. Лагістыка паставак на амерыканскі рынак такая ж магчымая. Амерыканскі рынак вялізны, попыт на ім гарантаваны: ЗША — адзін з найбольшых вытворцаў сельгаспрадукцыі ў свеце.
Для Мінска такая пераарыентацыя магла б быць цікавая не толькі з эканамічных, але і з палітычных меркаванняў: тады б Вашынгтон стаў кроўна зацікаўлены ў тым, каб Еўропа — а гэта перадусім Польшча і Літва — больш не перакрывалі Мінску транзітных шляхоў.
Самы танны маршрут перавозкі ўгнаенняў — праз Літву, порт Клайпеды, дзе існуе адмыслова пабудаваны пагрузачны тэрмінал. Бар’ер — санкцыі ЕС супраць лукашэнкаўцаў і кепскія адносіны Вільні і Мінска. Яны былі ўведзеныя ў 2022 годзе ў адказ на гібрыдныя агрэсіўныя дзеянні Беларусі і напад на Украіну.
Санкцыі супраць «Беларуськалія» — самыя балючыя з усіх уведзеных супраць лукашэнкаўцаў. Многія іншыя абмежаванні лёгка ці складана, але абыходзяцца. Але для калію іншай таннай лагістыкі няма, і Мінск губляе на гэтым каля мільярда даляраў за год.
Чытайце таксама: Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць
У Вільні пабойваюцца апынуцца ў сітуацыі, калі амерыканцы пра нешта дамовяцца з Мінскам цераз галаву літоўцаў і палякаў. Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс пабываў у Вашынгтоне і размаўляў са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. У амерыканскай сталіцы міністр дэманстраваў цвёрдасць.
Старшыня беларускага КДБ — і галоўны перамоўнік з амерыканцамі — Іван Церцель пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях адносінаў з ЗША 14 кастрычніка казаў: «Мы маем усе шанцы, усе шанцы ў цэлым, каб дасягнуць прарыву ў адносінах са Злучанымі Штатамі і Заходняй Еўропай, мы адкрытыя для гэтага. І думаю, што ў найбліжэйшы час мы пачуем добрыя навіны на гэтым трэку».
Аднак прайшоў месяц, але ніякіх вялікіх зрухаў не адбылося. Праўда, Польшча ад сёння часткова адкрыла два памежныя пераходы: у Брузгах і Бераставіцы. Затое адносіны з Літвой спікіравалі на дно пасля налётаў метэазондаў з кантрабандай з беларускай тэрыторыі. Вільня ўспрыняла гэта як гібрыдную атаку і ў адказ ужыла крайнюю меру: закрыла мяжу, за чым пайшла бурная рэакцыя Мінска пад апладысменты расійскай прапаганды. Прасіць прабачэння беларускі дыктатар публічна адмовіўся. Наадварот, Мінск забараніў выезд літоўскіх грузавікоў у Беларусі праз трэція краіны, фактычна, арыштаваўшы іх.
Літва, порт Клайпеды сталі асноўнай дарогай экспарту ўгнаеннняў «Беларуськалія» каля 20 гадоў назад. Да 2021 года, да атак мігрантамі, Літва паслядоўна і адназначна выступала супраць распаўсюджвання рэжыму санкцый на прадукцыю «Беларуськалія». Так было, прыкладам, у 2011 годзе, калі менавіта група краін на чале з Літвой заблакавала пакет аналагічных санкцый, за якія выступаў шэраг іншых краін ЕС у адказ на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Да ўвядзення санкцый праз порт Клайпеды адгружалася каля 11 мільёнаў тонаў беларускіх угнаенняў штогод. ЗША спажывае за год ад 7 да 10 мільёнаў тонаў калійных угнаенняў. Беларусь патэнцыйна здольная забяспечваць усе патрэбы ЗША ў гэтай сыравіне.
Такая здзелка Беларусі была б выгадная. Але ў сітуацыі, калі рэжым Лукашэнкі рухаецца ў бок таталітарызму і працягвае падтрымліваць расійскую вайну ва Украіне, еўрапейскія краіны бачаць у Беларусі пагрозу.
Чытайце таксама:
Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць