БЕЛ Ł РУС

У Вільні перавозчыкі зладзілі ціхую акцыю ў сувязі з блакаваннем літоўскіх фур у Беларусі

15.11.2025 / 17:35

Nashaniva.com

У Вільні на кальцы праспекта Канстытуцыі сабраліся літоўскія перавозчыкі, каб «ціха» звярнуць увагу на свае праблемы, паведамляе Delfi.lt.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Раніцай 15 лістапада на стаянку прыехалі грузавыя цягачы. Удзельнікі акцыі падкрэслілі, што гэта не пратэст і не мітынг, а «ціхі жалобны сход» з кавай і печывам. Яны, маўляў, не прадстаўляюць ніякай афіцыйнай арганізацыі, але «больш не могуць маўчаць». Мэта — прыцягнуць увагу да літоўскіх фур, што «захраслі» ў Беларусі, і паказаць, што бізнэсу патрэбна падтрымка дзяржавы.

Адзін з кіроўцаў сказаў, што іх машыны засталіся без працы і без прычэпаў, таму яны вырашылі проста сабрацца разам — «як флэшмоб». Ён таксама адзначыў, што ад афіцыйных арганізацый сектара, у тым ліку ад асацыяцыі літоўскіх перавозчыкаў Linava, чакаць дапамогі бессэнсоўна: частка яе кіраўніцтва, на яго думку, больш займаецца палітыкай, чым праблемамі малога бізнэсу.

Іншы перавозчык назваў сустрэчу «жалобным сходам аднадумцаў»: насталі цяжкія часы для ўсіх, хто працаваў з Усходам і краінамі Цэнтральнай Азіі. Ён выказаў занепакоенасць тым, што Польшча адкрывае свае пункты пропуску, а гэта, на яго думку, можа «адрэзаць» краіны Балтыі ад усходняга кірунку ў лагістыцы. Перавозчыкі просяць улады вярнуцца да «здаровага сэнсу» і падтрымліваць эканоміку: яны падкрэсліваюць, што не маюць дачынення да крызісу з метэазондамі і проста хочуць працаваць.

Асацыяцыя Linava ў афіцыйным каментары патлумачыла, што не мае дачынення да гэтага «кава-сходу». Яна разумее эмоцыі перавозчыкаў, але заклікае іх да спакою і асцярожнасці, каб не пагоршыць сітуацыю. На думку кіраўніцтва найбуйнешай арганізацыі літоўскіх перавозчыкаў, рашэнні трэба шукаць праз перамовы і каардынаваныя дзеянні, а не праз стыхійныя акцыі. У Linava кажуць, што разам з дзяржорганамі і дыпслужбамі шукаюць выхад: вяртанне фур з Беларусі, мінімізацыя страт і аднаўленне бяспечнай працы кампаній.

Раней паведамлялася, што Linava адмовілася арганізоўваць пратэст у сувязі з тым, што каля тысячы літоўскіх грузавікоў застаюцца на тэрыторыі Беларусі пасля таго, як улады Літвы на месяц закрылі апошнія два пункты пропуску з-за праблем з паветранай кантрабандай, якая перашкаджала працы віленскага аэрапорта.

Чытайце таксама:

Чэргаў на мяжы цяпер не будзе? Чаго чакаць ад адкрыцця «Брузгоў» і «Бераставіцы»

Уладзіслаў Кандратовіч: «Лукашэнка з літоўскімі фурамі абышоўся як рэкецір»

Беларусь пагражае штрафамі кіроўцам, якія не перагналі літоўскія фуры на стаянкі

Наўседа заявіў пра гатоўнасць да перамоў з Беларуссю, але толькі на тэхнічным узроўні

Старшыня асацыяцыі літоўскіх перавозчыкаў назваў Беларусь «тэрарыстычнай дзяржавай»

Каментары да артыкула