БЕЛ Ł РУС

Фермер-хіпстар вырашыў прадаваць касцюмы з гербамі Беларусі і Расіі. Цэны касмічныя

16.11.2025 / 9:30

Аўгіння Якімук

Назар Мельнікаў спрабуе прадаваць «патрыятычныя» велюравыя касцюмы па 750 рублёў.

Чатыры гады таму Назар разам з братам стварылі сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Чэрвеньскім раёне — «Агра-Лукомль». Хлопцы пачалі вырошчваць розныя ягады — дурніцы, чорныя парэчкі, клубніцы ды японскі бружмель.

Сёлета ў студзені Назар расказваў пра рэкорд: разам са сваімі супрацоўнікамі (восем чалавек) за 10 гадзін высадзіў восем гектараў ягадных кустоў. З гэтым дасягненнем ён і трапіў у Кнігу рэкордаў Беларусі.

Ужо плануе новы рэкорд — на гэты раз з абляпіхай.

Браты задумаліся пра кантактны заапарк і завялі жывёл. Ужо ёсць трусы і в'етнамскія парасяты, ладная чарада козачак, у тым ліку рэдкай пакістанскай пароды каморы, а таксама больш за 10 шатландскіх кароў і быкоў пароды абердзін-ангус.

Назар актыўна вядзе блог у інстаграме, дзе паказвае рамантычнае жыццё фермера. Там у мужчыны 102 тысячы падпісчыкаў.

У дадатак да гэтага Назар актыўна камунікуе з чыноўнікамі. Нядаўна ён хваліўся, што разам з Міністэрствам адукацыі «выбудаваў план развіцця патрыятычнай і арыентаванай на сельскую гаспадарку дзейнасці, накіраванай на змяншэнне кадравага голаду ў важных для эканомікі сектарах».

Сваю біяграфію хлопец расказвае так: усё жыццё пражыў у Мінску, па вышэйшую адукацыю паехаў у Маскву, але стаміўся ад шумнага горада (хоць і падкрэслівае, што Расію палюбіў) і таму вярнуўся на радзіму.

Як і шмат хто з маладых людзей, хацеў зарабляць шмат — таму разглядаў айці-сферу і сельскую гаспадарку. Але з першым не заладзілася. А вось ніша з ягадамі аказалася прасцейшай.

Цяпер жа Назар вырашыў паспрабаваць сябе яшчэ ў адной сферы. Ён паведаміў пра стварэнне брэнда адзення Insomnia. Галоўная яго фішка — дзяржаўная сімволіка Беларусі і Расіі.

Пакуль што Назар з гонарам дэманструе ў інстаграме спартыўныя касцюмы з велюру з афіцыйнымі гербамі дзяржаў. Пазіцыянуе ён свае творы як адзіныя ў краіне патрыятычныя касцюмы.

Адкуль узнікла такая ідэя? Назар тлумачыць, што ў Расіі бачыў шмат людзей у касцюмах з гербамі ды сцягамі, і здзіўляўся, што ў Беларусі такога няма. Вось і вырашыў змяніць сітуацыю. Кажа, патрыятызм павінен праяўляцца і ў выбары адзення.

За абгербаваныя апранахі прыйдзецца заплаціць ажно 750 рублёў. Назар спадзяецца, што ў хуткім часе яго навінкі з'явяцца ў дзяржаўных крамах краіны.

Чытайце таксама:

Жанчына набыла спартыўны касцюм беларускага брэнду за 600 рублёў і ў шоку ад якасці

Нятаннае паліто беларускага брэнду сапсавалася за 20 хвілін праз вільготнасць на вуліцы

Жонка і падчарка Аляксандра Глеба запусцілі ўласны брэнд жаночага адзення. Будуць канкураваць са сваячкай

Каментары да артыкула