БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік МУС Літвы: Хутка адбудзецца сустрэча літоўскага і беларускага бакоў наконт кантрабанды

13.11.2025 / 15:23

Nashaniva.com

«Мы гаворым пра крымінальную з'яву, тут няма ніякай палітыкі».

Міністр МУС Літвы Уладзіслаў Кандратовіч. Скрыншот відэа

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што ў бліжэйшы час адбудзецца тэхнічная сустрэча літоўскага і беларускага бакоў, на якой будуць вырашаць пытанне паветранай кантрабанды, піша Delfi.

«Я спадзяюся, Беларусь зразумела, што не выбярэцца з гэтай сітуацыі, бо метэразонды з беларускай тэрыторыі па-ранейшаму запускаюць. (…) Мы бачым, што крымінал дзейнічае па абодва бакі мяжы, таму натуральна, што служачым ёсць пра што пагаварыць. Яны зробяць гэта ў бліжэйшы час», — сказаў журналістам Кандратовіч.

«Мы гаворым пра крымінальную з'яву — кантрабанду, тут няма ніякай палітыкі. Трэба вырашыць гэтае пытанне, каб была абаронена наша паветраная прастора, каб нішто не пагражала нашай грамадзянскай авіяцыі і грамадству», — сказаў палітык.

Учора прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа якраз заявіў пра гатоўнасць да перамоў з Беларуссю, але толькі на тэхнічным узроўні.

Ён раскрытыкаваў прапанову Мінска весці перамовы на ўзроўні дыпламатаў замест тэхнічных кантактаў — гэта, на яго думку, выгадна толькі Лукашэнку. «Я мяркую, што гаворка ідзе аб жаданні пагаварыць пра адмену санкцый — рэчы, якія, безумоўна, былі б смачнымі, добрымі «прысмакамі» для Лукашэнкі», — сказаў прэзідэнт Літвы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула