У ЗША апублікавалі новыя лісты па справе Джэфры Эпштэйна, якія дыскрэдытуюць Трампа
Дэмакраты з Камітэта па наглядзе Палаты прадстаўнікоў ЗША апублікавалі тры новыя электронныя лісты, датычныя справы фінансіста і асуджанага педафіла Джэфры Эпштэйна. З іх вынікае, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нібыта ведаў пра ягоныя злачынствы.
Дональд Трамп, ягоная жонка (тады яшчэ будучая) Меланія, Джэфры Эпштэйн і Гіслейн Максвел. Люты 2000 года. Фота: Davidoff Studios / Getty Images
Адзін з гэтых лістоў Эпштэйн адправіў у лютым 2011 года сваёй сяброўцы, свецкай ільвіцы Гілейн Максвел.
«Я хачу, каб ты зразумела, Трамп — сабака, які не забрахаў. [Імя ахвяры] правяла некалькі гадзін у маім доме з ім», — нібыта напісаў у тым лісце Эпштэйн. Максвел яму адказала: «Я думала пра гэта…»
Два іншыя лісты адрасаваныя выдаўцу Эпштэйна Майклу Вульфу. У адным з іх Эпштэйн сцвярджае, што Трамп, «вядома ж, ведаў» пра тое, што ён і Максвел заваблівалі ў прастытуцыю дзяўчат, якія працавалі ў клубе Трампа «Мар-а-Лага».
Сам прэзідэнт ЗША пакуль не каментаваў публікацыю, аднак увогуле ён катэгарычна адмаўляе, што ведаў пра злачынствы Эпштэйна і быў звязаны з імі.
У Белым доме лісты назвалі спробай ачарніць Трампа.
«Дэмакраты выбарачна злілі электронныя лісты ліберальным СМІ, каб стварыць хлуслівую версію падзей і ачарніць прэзідэнта Трампа», — заявіла прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лівіт.
«Неназваная ахвяра, згаданая ў гэтых электронных лістах, — гэта нябожчыца Вірджынія Джуфрэ, якая неаднаразова заяўляла, што прэзідэнт Трамп не быў уцягнуты ў якія-небудзь супрацьпраўныя дзеянні і «не мог быць больш прыязным» у адносінах да яе падчас іх абмежаваных зносін, — заявіла Кэралайн Лівіт. — Факт застаецца фактам: прэзідэнт Трамп выгнаў Джэфры Эпштэйна са свайго клуба некалькі дзесяцігоддзяў таму за тое, што той паводзіў сябе непрыстойна ў адносінах да сваіх супрацоўніц, у тым ліку да Джуфрэ.
Гэтыя гісторыі — не больш чым нядобрасумленныя спробы адцягнуць увагу ад гістарычных дасягненняў прэзідэнта Трампа, і любы амерыканец, які мае клёк, бачыць, што гэта падман і відавочная спроба адцягнуць увагу ад аднаўлення працы ўрада», — падкрэсліла яна.
У той жа час дэмакраты патрабуюць раскрыць усе файлы Эпштэйна, сцвярджаючы, што Белы дом «хавае дэталі адносін» паміж сэксуалізаваным злачынцам і Трампам.
Улетку 2025 года Гілейн Максвел казала, што яна ніколі не бачыла, каб Дональд Трамп быў у доме Эпштэйна.
У 2011 годзе Эпштэйн выйшаў на волю, адбыўшы 13 месяцаў у турме. У 2008 годзе ён прызнаў віну па справе аб падбухторванні да прастытуцыі, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, і быў асуджаны да 18 месяцаў зняволення, якія адседзеў не цалкам. У 2019 годзе яго зноў арыштавалі, а праз месяц ён павесіўся ў турэмнай камеры.
Чытайце таксама:
Прынц Эндру перастаў быць нават і прынцам
Дэмакраты апублікавалі запіску Эпштэйну, сцвярджаюць, што пад ёй подпіс Трампа
Улады ЗША прызналі, што «спісу кліентаў» Джэфры Эпштэйна не існуе