Украіна спыніла перамовы з Расіяй з-за адсутнасці прагрэсу
Першы намеснік міністра замежных спраў Украіны Сяргей Кісліца ў інтэрв’ю The Times адзначыў, што, «паколькі мірныя перамовы з Расіяй сёлета завяршыліся без асаблівага прагрэсу, іх спынілі».
Украінская дэлегацыя на адным з раўндаў перамоў у Стамбуле. Фота: Chris McGrath / Getty Images
«Ва ўмовах дыктатуры немагчыма весці плённыя дыскусіі з перамоўнымі групамі, якія прадстаўляюць дыктатара. У іх вельмі жорсткі мандат, і яны павінны адстойваць тую пазіцыю, якую ім загадалі», — заявіў Кісліца, маючы на ўвазе сёлетні перамоўны працэс украінскай і расійскай дэлегацый у Стамбуле.
Перамовы ў Стамбуле праходзілі ў тры этапы — у маі, чэрвені і ліпені. Украінскі бок настойваў на безумоўным спыненні агню і прыпыненні ўдараў па цывільнай інфраструктуры. Расійская дэлегацыя пад кіраўніцтвам памочніка Пуціна Уладзіміра Мядзінскага фактычна, аднак, адмовілася ад перамір’я. Масква выставіла ад пачатку нерэалістычныя патрабаванні прызнаць анексаваныя тэрыторыі Украіны расійскімі і абмежаваць колькасць Узброеных сіл Украіны.
Кісліца ў інтэрв'ю таксама адзначыў, што з лета 2025 года Кіеў актыўна працаваў з міжнароднымі партнёрамі, каб павялічыць ціск на прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і дамагчыся яго асабістай сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Пры гэтым ён адзначыў, што расіяне прапаноўвалі, сярод іншага, «суполкі ў WhatsApp» і іншыя фармальныя механізмы, якія закліканы не рэальна вырашаць сутнасць пытанняў, а толькі паказваць ЗША, што перамовы ідуць паспяхова і санкцыі супраць Расіі не патрэбныя.
Пасля інтэрв’ю Кісліцы ў МЗС Расіі заявілі, што, маўляў, гатовыя аднавіць перамовы ў Турцыі, падкрэсліўшы, што іх прыпыненне ініцыявана Кіевам. Турэцкія прадстаўнікі неаднаразова заклікалі абодва бакі аднавіць перамовы, і, па словах кіраўніка другога дэпартамента краін СНД МЗС РФ Аляксея Палішчука, «мяч цяпер на баку Украіны».
Палішчук таксама адзначыў, што падчас стамбульскіх сустрэч удалося дамовіцца пра гуманітарныя пытанні: абмен ваеннапленнымі, рэпатрыяцыю целаў загінулых, вяртанне грамадзянскіх асоб. Але ў пытанні стварэння «трох працоўных груп стамбульскага працэсу» адказ Украіны пакуль не атрымалі.
The Times адзначае, што Сяргей Кісліца, па даручэнні прэзідэнта Украіны, каардынуе мірны працэс з удзелам Расіі, ЗША і саюзнікаў па НАТА.
Чытайце таксама:
Сакрэтны канал абмену палоннымі паміж Расіяй і Украінай. Невядомыя раней дэталі аперацыі
Амерыканская разведка: Пуцін як ніколі раней цвёрды ў намеры працягваць вайну
Зяленскі: Гатовыя весці перамовы дзе заўгодна, толькі не ў Расіі і дакладна не ў Беларусі
Трамп сказаў, што не хоча марнай сустрэчы пасля таго, як план перамоваў з Пуціным быў адкладзены