У Драгічыне раёнка пахвалілася, што школьнікі замест тэлефонаў чытаюць яе. Каментатары крэатыву не ацанілі
Выданне «Драгічынскі веснік» апублікавала ў тыктоку ролік, у якім школьнікі паслухмяна складаюць свае смартфоны ў спецыяльную шафку, а пасля таго садзяцца за парты і чытаюць папяровую газету. У подпісе рэдакцыя абвясціла пра пачатак ініцыятывы «Газета замест інтэрнэту», якая нібыта будзе распаўсюджвацца ў навучальных установах раёна, заўважыла выданне BGMedia.
Скрыншоты з відэа
Аднак інтэрнэт-супольнасць замест ухвалення ўспрыняла гэта відэа з іроніяй і пасміханнямі. Каментатары пісалі:
«Горш, чым у арміі»;
«Рухаемся назад у мінулае»;
«Так, а відэа ў інтэрнэт навошта выклалі?»,
«Прагрэс ужо не ў модзе — пара рэгрэсаваць у савок».
Адзін з карыстальнікаў заўважыў, што нейкі вучань паклаў у шафку не тэлефон, а калькулятар, і прымацаваў у доказ гэтага скрыншот.
Скрыншот з відэа
Многія ўзгадалі нядаўні выпадак у Віцебску, калі школьнік зламаў руку і не змог патэлефанаваць маці, бо ў яго забралі тэлефон — гэта, маўляў, паказвае, да чаго можа прывесці падобная «дысцыпліна».
Паводле задумы рэдакцыі, ролік павінен быў падтрымаць школьныя правілы і паказаць каштоўнасць друкаваных СМІ, але замест гэтага стаў сімвалам адставання і неадпаведнасці сучаснаму свету.
Карыстальнікі жартуюць, што, каб быць паслядоўнымі, аўтару відэа таксама трэба было здаць свой тэлефон перад здымкамі.
Іронія сітуацыі ў тым, што, прапагандуючы «жыццё без інтэрнэту», газета зрабіла гэта праз тыкток — адну з самых «гаджэтазалежных» пляцовак.
Чытайце таксама:
Міністр адукацыі: Школьнікі не хітруюць са здачай тэлефонаў
Настаўнікам у школах забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас урокаў