Арына Сабаленка расказала, калі збіраецца нарадзіць і на што траціць прызавыя
«У 18 гадоў я думала: «Значыць так, да 25 гадоў я выйграю ўсё, што хачу. У 25 гадоў нараджу, вярнуся і працягну перамагаць».
Арына Сабаленка. Фота: Robert Prange / Getty Images
Першая ракетка свету Арына Сабаленка ўваходзіць у дзясятку самых высокааплатных тэнісістак. За сваю кар'еру яна зарабіла $42 мільёны прызавых.
«Грошы — гэта, вядома, прыемны бонус ва ўсёй гэтай гісторыі, але не было такога, што я гуляю матч: «Дык вось там жа столькі грошай за выйгрыш!» Ніколі. Я проста хачу ўнесці сваё прозвішча ў гісторыю. (…) Грошы — бонус добры. Пытанне, як ты імі карыстаешся», —
кажа Сабаленка ў інтэрв'ю блогеру Аляксандру Сакалоўскаму.
Сабаленка цалкам фінансуе сваю каманду, якая складаецца з васьмі-дзевяці чалавек (уключаючы трэнераў, спарынг-партнёра, фітнэс-трэнера і фізіятэрапеўта). Праўда, яна не называла лічбаў, заўважыўшы, што «стараецца пра гэта не думаць».
Па словах спартсменкі, яна імкнецца забяспечыць для ўдзельнікаў сваёй каманды максімальны камфорт у раз'ездах. Усе фінансавыя пытанні яна дэлегуе менеджару.
«Я не хачу, каб мая каманда жыла ў якой-небудзь не зусім зразумелай гасцініцы. Хачу, каб усе былі ў камфорце, каб мы ўсе ішлі да адной мэты ў маральна добрым стане. (…) Я да гэтага стаўлюся як да інвестыцыі ў наш поспех».
Сабаленка прызналася, што ўдзельнікі яе каманды выкарыстоўваюць яе грошы для таго, каб рабіць стаўкі на спорт.
Цяжкі выбар: сям'я ці спорт
Сабаленка прызналася, што тэма сям'і і дзяцей з'яўляецца для яе балючай, бо пастаянна выклікае пытанні ў родных. У юным узросце яна мела дакладна акрэслены тэрмін для дэкрэтнага адпачынку:
«У 18 гадоў я думала: «Значыць так, да 25 гадоў я выйграю ўсё, што я хачу. У 25 гадоў нараджу, вярнуся і працягну выйграваць». Надышло 25, я выйграла штосьці, але падумала, што, напэўна, гадоў у 27—28 нараджу. Вось мне зараз 27, я думаю, што пазней, перанясём».
Цяпер, па словах тэнісісткі, яна арыентуецца на тое, каб адкласці планаванне сям'і прыкладна на пяць гадоў, каб цалкам рэалізавацца як спартсменка.
«Я проста хачу рэалізавацца па максімуме ў сваім спорце, паглядзець, як далёка я магу зайсці. Гэта такі арыенціровачны план — хацелася б гадоў праз пяць паспрабаваць завесці сям'ю і, магчыма, паспрабаваць вярнуцца. Зноў-такі, у залежнасці ад таго, на якой стадыі я буду ў сваім жыцці. (…)
Гэта цяжкі такі момант, таму што я, калі б магла, ужо зараз пайшла б [у дэкрэт]. Я вельмі люблю дзяцей, і быццам бы дзеці любяць мяне, і я б вельмі хацела, але зараз у мяне ў прыярытэце мая кар'ера», — адзначыла Сабаленка.
Чытайце таксама:
Сабаленка зноў выйграла US Open і зарабіла $5 мільёнаў
Сабаленка выказалася пра вайну
Арына Сабаленка трапіла пад санкцыі і страціла частку рэйтынгавых балаў