Лукашэнка заявіў, што «Буравеснік» нам непатрэбны. МЗС Расіі яму адказаў
Аляксандр Лукашэнка нядаўна сказаў, што «Арэшнік» у Беларусі хай будзе, але «Буравеснік» ці «Пасейдон» нам без патрэбы — «Што мы, на Нарачы будзем «Пасейдон» запускаць?» У МЗС Расіі яму адказалі: можам паставіць у Беларусь любую зброю, якую палічым неабходнай.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Evgenia Novozhenina Pool Photo via AP
Пра расійскі ядзерны шчыт, які «надзейна прыкрывае нашых беларускіх саюзнікаў», расійскаму дзяржаўнаму ТАСС даручылі расказаць кіраўніку другога дэпартамента краін СНД Аляксею Палішчуку.
«Расійскі ядзерны шчыт надзейна прыкрывае нашых беларускіх саюзнікаў,
а абноўленая дагаворна-прававая база дае магчымасць размяшчэння ў брацкай Рэспубліцы любых сродкаў абароны, уключаючы ўсе найноўшыя тыпы ўзбраення», — паставіў кропку Палішчук.
Нягледзячы на нядаўнюю адназначную заяву Лукашэнкі, што «Буравеснік» у Беларусі непатрэбны, карэспандэнт якраз спытаў прадстаўніка МЗС РФ пра тое, ці «магчымыя пастаўкі ў Беларусь крылатай ракеты неабмежаванай далёкасці з ядзерным рухавіком «Буравеснік».
«Нам невядома аб зваротах такога роду», — адказаў Палішчук, ніяк не згадаўшы заяву Лукашэнкі супраць такіх паставак.
Кіраўнік дэпартамента МУС РФ сказаў, што ў выпадку паступлення такіх зваротаў «яны будуць самым уважлівым чынам вывучаны ваеннымі спецыялістамі». «Выніковае рашэнне будзе прымацца ваенна-палітычным кіраўніцтвам дзвюх краін у духу саюзніцтва», — сказаў дыпламат.
Кіраўнік дэпартамента МУС РФ заявіў, што «ў апошнія гады якасна ўмацавалася адпаведная дагаворна-прававая база Саюзнай дзяржавы».
Ён нагадаў, што «ў снежні 2024 года Вышэйшы Дзяржсавет зацвердзіў Канцэпцыю бяспекі, а прэзідэнты дзвюх краін падпісалі міждзяржаўны дагавор аб гарантыях бяспекі, які ўступіў у сілу ў сакавіку бягучага года».
«У ім зафіксаваны пералік узаемных абавязацельстваў па абароне, абароне суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу Расіі і Беларусі, цэласнасці і недатыкальнасці тэрыторыі і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы», — сказаў дыпламат.
Паводле яго слоў, «для гэтага могуць задзейнічаць усе наяўныя сілы і сродкі, уключаючы ядзерную зброю ў адпаведнасці з Асновамі дзяржаўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў галіне ядзернага стрымлівання».
«У дагаворы прапісаны гарантыі неадкладнага прадастаўлення па ўзгадненні кіраўнікамі Расіі і Беларусі ваеннай, ваенна-тэхнічнай і іншай дапамогі пасля афіцыйнага звароту боку, які падвергнуўся агрэсіі або пагрозе агрэсіі», — дадаў Палішчук.
Палішчук пацвердзіў, што «па дамоўленасці прэзідэнтаў да канца года чакаецца размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі — у дадатак да расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі — ракетных комплексаў «Арэшнік».
Чытайце таксама:
Пуцін пахваліўся выпрабаваннямі ракеты «з неабмежаванай далёкасцю»
Трамп адказаў Пуціну на выхвалянне ракетай «Буравеснік»
«Арэшнік» нам патрэбны, а «Пасейдон» і «Буравеснік» — не. Лукашэнка — пра задачы для ВПК