БЕЛ Ł РУС

Іван Краўцоў патлумачыў, у чым галоўнае адрозненне яго пазіцыі ад пазіцыі Офіса Ціханоўскай

12.11.2025 / 11:16

Nashaniva.com

На думку прадстаўніка каманды бабарыканцаў, яго апаненты дбаюць пра свае асабістыя інтарэсы, тады як ён адвакатуе інтарэсы беларускага грамадства ўвогуле. «Нават ахвяруючы сабой, разумеючы, што для мяне, Івана Краўцова, будучыні ў гэтай Беларусі пры Лукашэнку, можа, і няма».

Іван Краўцоў. Скрыншот: Еўрарадыё»

Сакратар Каардынацыйнай рады і прадстаўнік каманды бабарыканцаў Іван Краўцоў патлумачыў у эфіры «Еўрарадыё» асаблівасці сваёй палітычнай пазіцыі.

«Першае — мы адвакатуем за вызваленне палітвязняў. Гэта ж ўсе гэта робяць, так? Але ж хтосьці лічыць, што ў выніку перамоваў гэтага не адбудзецца, і таму трэба ціснуць і чакаць, пакуль Лукашэнка сыдзе, і тады ўсе вызваляцца адным шчаўчком», — пачаў развагі Краўцоў.

«Не, яны кажуць, што трэба сумяшчаць…» — удакладніў вядучы Зміцер Лукашук.

«Супер! То-бок дайшлі да таго, што Іван Краўцоў чатыры гады таму казаў: pressure and engagement. Ну добра, ужо пэўны прагрэс, — працягнуў сакратар Каардынацыйнай рады. —

Другое — гэта пэўнае вяртанне арганізацый грамадзянскай супольнасці. Еўрапейскі Саюз, ЗША могуць прасіць аб тым, каб пэўныя арганізацыі, СМІ, журналісты, праваабаронцы ці нават нейкія каляпалітычныя арганізацыі маглі вярнуцца ў Беларусь. Не ведаю, праз пяць год, праз тры гады…

Гэта рэалістычна. Мы зараз можам спрабаваць дамагацца, каб заходнікі нас на сваёй спіне прынеслі да гэтых вынікаў. У нас няма моцы, няма рэсурсаў, каб самім напрасткі весці перамовы з Лукашэнкам. Мы не краіна, мы не суб'ект міжнароднай палітыкі. Што мы можам, дык гэта можам прасіць Захад улічваць пэўныя інтарэсы беларускага грамадства».

Краўцоў патлумачыў, у чым адрозненне яго меркавання ад пазіцыі Офіса Святланы Ціханоўскай.

На думку прадстаўніка каманды бабарыканцаў, яго апаненты дбаюць пра свае асабістыя інтарэсы, тады як ён, Іван Краўцоў, адвакатуе інтарэсы беларускага грамадства ўвогуле — можа, нават ахвяруючы сабой.

«[Трэба] не казаць, што «Ціханоўская — наш прэзідэнт, таму, калі вы з Лукашэнкам перамаўляецеся, калі ласка, пасадзіце Ціханоўскую каля Лукашэнкі». Ці там Латушку каля Лукашэнкі. Ці што «дамоўцеся з Лукашэнкам, каб ён сышоў і каб была Ціханоўская прэзідэнтам, таму што яе выбралі ў 2020-м». Хаця ўжо і пяць гадоў прайшло, і ўвогуле вынікі выбараў як бы афіцыйна невядомыя. Гэта такі падыход, калі за канкрэтную персону адвакатуюць.

А мы павінны адвакатаваць за беларускае грамадства ўвогуле. Можа, нават ахвяруючы сабой, разумеючы, што для мяне асабіста, для Івана Краўцова, будучыні, можа, і няма ў Беларусі пры Лукашэнку. Затое сітуацыя ў грамадстве можа палепшыцца ў выніку гэтых перамоў, — прызнаўся сакратар Каардынацыйнай рады. —

І гэта такі падыход, які ў нашай камандзе пануе. То-бок не за сябе, а за тое, каб у краіне сітуацыя трошкі палепшылася».

На думку Краўцова, пазіцыя Офіса Ціханоўскай — чаканне. А ягоная пазіцыя — «спрабаваць штосьці зараз зрабіць».

Прадстаўнік каманды бабарыканцаў удакладняе, што ні ён, ні хтосьці іншы ў эміграцыі не мае права казаць ад імя беларусаў і, напрыклад, ад імя беларусаў патрабаваць санкцый. «Тое, што мы выказваем, — гэта наша асабістае бачанне», — тлумачыць Краўцоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула