БЕЛ Ł РУС

Да асноўнага этапу рэканструкцыі былой Валадаркі прыступяць у наступным годзе, пачаўся дэмантаж некаторых элементаў

12.11.2025 / 8:14

Nashaniva.com

У Мінску адбудзецца рэканструкцыя некалькіх аб’ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра гэта на «Радыё-Мінск» расказала старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мiнгарвыканкама Ірына Гонтарава.

Буйны праект, які рэалізуецца ў горадзе прадпрыемствам «Мінская спадчына», — рэканструкцыя Пішчалаўскага замка на вул. Валадарскага (былое СІЗА і турма на працягу двух стагоддзяў).

У распрацоўцы знаходзіцца праектная дакументацыя. Паводле зацверджанай канцэпцыі ў комплексе плануюцца аб’екты грамадскага харчавання, адміністрацыйныя памяшканні.

— Гэта агульнагарадскі аб’ект. Ён размешчаны недалёка ад вакзала, таму, думаю, не толькі мінчане, але і госці сталіцы з задавальненнем будуць яго наведваць, — адзначыла Гонтарава. — Ужо пачаліся дэмантажныя работы тых элементаў комплексу, якія не адносяцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці. А ў наступным годзе прыступяць да асноўнага этапу рэканструкцыі.

Яна таксама нагадала, што зусім нядаўна ў сталіцы пасля рэканструкцыі адкрыўся ўнікальны комплекс. У былых гістарычных будынках на тэрыторыі Лошыцкага парку пачалі працаваць шэраг новых аб’ектаў: загс, кафэ і рэстараны, міні-гасцініца.

— Усе жадаючыя могуць правесці тут час, незалежна ад якіх-небудзь урачыстасцяў, — адзначыла чыноўнік. — Аб’ект атрымаўся ўнікальны. Тэрыторыя поўнасцю добраўпарадкавана, ёсць выхад да вады.

Паводле слоў Гонтаравай, у Лошыцкім парку захаваліся руіны млына і капліцы, якія ў будучыні таксама ператворацца. Распрацоўваецца канцэпцыя ўзнаўлення гэтых аб’ектаў, што таксама маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула