У турме ў Эквадоры знайшлі дзясяткі павешаных вязняў
10 лістапада ў турме Эль Ора, што ў горадзе Мачала (Эквадор), знайшлі целы 27 павешаных зняволеных. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на эквадорскую турэмную службу (SNAI).
Фота: Luis Suarez / AFP via Getty Images
Перад гэтым у турме адбыліся масавыя беспарадкі, у выніку якіх загінулі чацвёра вязняў, а больш за 30 атрымалі раненні. Паводле афіцыйнай версіі, вязні «задушылі адзін аднаго», што прывяло да імгненнай смерці, аднак улады не ўдакладнілі падрабязнасцяў.
Беспарадкі пачаліся каля трэцяй гадзіны ночы 9 лістапада. Прычынай стаў пратэст зняволеных супраць перамяшчэння іх у новую турму строгага рэжыму ў іншай правінцыі. Як паведамляецца, ім удалося перамагчы ахову, захапіць зброю і зрабіць самаробныя выбуховыя прыстасаванні. У выніку сітуацыю ўдалося ўзяць пад кантроль, але без ахвяр не абышлося.
Месяц таму ў гэтай жа самай турме загінулі 14 вязняў падчас сутычак паміж крымінальнымі групоўкамі. Увогуле, як паведамляе El Mundo, з 2021 года ў эквадорскіх турмах загінулі каля 600 чалавек — пераважна праз разборкі паміж бандамі.
Мясцовыя жыхары і сваякі вязняў патрабуюць ад уладаў узмацнення бяспекі і пераносу турмы Эль Ора, бо яна месціцца ў самым цэнтры горада Мачала.
У верасні ЗША прызналі дзве найбуйнейшыя эквадорскія злачынныя групоўкі — «Лос Лобас» і «Лос Чанэрас» — тэрарыстычнымі арганізацыямі.
Чытайце таксама:
«Ніводная краіна ў XXI стагоддзі не зможа дасягнуць сярэдняй працягласці жыцця ў 100 гадоў»
ЗША адправілі да Венесуэлы найбуйнейшы авіяносец, Мадура абвінаваціў Вашынгтон у эскалацыі
Смяротнасць сярод моладзі Усходняй Еўропы расце насуперак сусветным тэндэнцыям