БЕЛ Ł РУС

У Варонежы дроны атакавалі ЦЭЦ: у горадзе знікала святло і цяпло

9.11.2025 / 9:25

Nashaniva.com

У ноч на 9 лістапада ў расійскім Варонежы адбылася атака дронаў на мясцовую цеплаэлектрацэнтраль. Жыхары горада паведамлялі пра выбухі, пасля чаго ў некаторых раёнах узніклі праблемы з электрычнасцю і ацяпленнем.

Паводле геалакацыі кадраў, якія з'явіліся ў сеціве, пад атаку трапіла Варонежская ЦЭЦ-1 — найбуйнейшы пастаўшчык цеплавой энергіі ў горадзе. Станцыя забяспечвае цяплом чатыры раёны горада, а таксама больш за тысячу прадпрыемстваў, у тым ліку буйны завод «Варонежсінтэзкаўчук», піша канал «Астра». 

Губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў пацвердзіў факт атакі, але не назваў аб'ект атакі наўпрост. Ён напісаў, што праз атаку дронаў на адным з камунальных аб'ектаў узнікла ўзгаранне, якое было аператыўна ліквідавана.

Гусеў дадаў, што з-за пажару «з меркаванняў тэхналагічнай бяспекі» былі прыняты часовыя меры, у выніку якіх у некаторых дамах назіраліся ваганні тэмпературы цэнтральнага ацяплення, на кароткі час была прыпынена падача электраэнергіі на некаторыя тэрыторыі горада.

У ноч на 8 лістапада РФ ажыццявіла адну з найбуйнейшых атак балістычнымі ракетамі на энергетычныя аб’екты Украіны. Учора вечарам паведамлялася пра блэкаўты ў Кіеве і Харкаве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула