«Як Вольскі прыходзіў з ператрусам да Коласа, а Крапіва і Глебка даносілі на калег». Апублікаваныя жахлівыя ўспаміны Рыгора Бярозкіна пра рэпрэсіі 1920—1940-х
Як Віталь Вольскі арыштоўваў людзей і прыходзіў з ператрусам да Якуба Коласа, а Кандрат Крапіва і Пятро Глебка даносілі на калег. Апублікаваныя дзве часткі канспекту ўспамінаў Рыгора Бярозкіна, аднаго з найлепшых крытыкаў і літаратуразнаўцаў Беларусі, піша «Радыё Свабода».
Рыгор Бярозкін
«Не дай прапасці майму жыццю» — гэта ўспаміны пра падзеі 1920—1949 гадоў: арышты, высылкі, рэпрэсіі.
У 1979 годзе Бярозкін надыктаваў іх маскоўскаму літаратуразнаўцу Ісаку Крамаву. Нядаўна іх расшыфравала Маруся Шанаурына, якая працуе з архіўнымі матэрыяламі.
Размова Рыгора Бярозкіна з Ісакам Крамавым адбылася 13 сакавіка 1979 года. Крамаў запісаў яе ў двух тоўстых сшытках, часта неразборліва. Ісак Крамаў не паспеў сам расказаць пра гэты запіс: ён раптоўна памёр 23 кастрычніка 1979 года ў Ялце, куды ўзяў з сабой тыя матэрыялы, каб працаваць з імі. Рыгор Бярозкін ненадоўга перажыў сябра — пасля цяжкай хваробы ён памёр 1 снежня 1981 года, — узгадвае Шанаурына ў прадмове да ўспамінаў Бярозкіна.
«Калі Бярозкін прыходзіў да нас дадому, я добра гэта памятаю — яны з татам усю ноч прасядзелі, тата запісваў за ім, і Бярозкін яму сказаў: «Ізя, не дай прапасці майму жыццю».
…Вельмі цяжка маральна чытаць імёны, шукаць пра іх інфармацыю, бачыць іхнія твары, калі захаваліся нейкія фотаздымкі. Але памяць — найважнейшая. Немагчыма забыцца пра тое, колькі чалавек былі забітыя, замардаваныя, зламаныя…» — напісала яна.
Першую і другую часткі канспекту ўспамінаў Рыгора Бярозкіна можна прачытаць па спасылках.
Хто такі Рыгор Бярозкін
«Непераўзыдзены ўзор таго, як трэба пісаць пра беларускую літаратуру», — гэта словы Алеся Адамовіча пра Рыгора Бярозкіна.
Бярозкін — беларускі літаратурны крытык, аўтар 12 кніг.
Нарадзіўся ў 1918 годзе ў Магілёве, вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце. У 1938 годзе 20‑гадовы юнак працаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі», літаратурным кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў БССР, загадчыкам аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва».
За два месяцы да вайны, 26 красавіка 1941 года, яго арыштавалі супрацоўнікі НКВД. Калі калону зняволеных вывезлі з турмы на расстрэл, Рыгору Бярозкіну пашанцавала застацца жывым. Ён ваяваў, пад Сталінградам быў цяжка паранены, атрымаў шмат дзяржаўных узнагарод.
9 жніўня 1949 года Рыгора Бярозкіна арыштавалі паўторна. У чэрвені 1950 года яго асудзілі на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у лагерах Казахстана і Сібіры чорнарабочым на будаўніцтве шахтаў і электрастанцый. Вызвалены ў лістападзе 1955 года са зняццем судзімасці.
«Атмасфера таго часу перададзеная вельмі ярка, шматаспектна, яскрава»
Прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч шмат даследаваў перыяд, пра які апавядае Рыгор Бярозкін.
У Беларусі ёсць вялікі пласт мемуараў пра тыя змрочныя гады. Шмат з іх апублікавана ў савецкі час, і яны, вядома, падпадалі пад цэнзуру, у тым ліку пад самацэнзуру аўтараў, якія выжылі ў тыя гады. Штосьці яны свядома апускалі або не маглі цалкам шчыра гаварыць, пісаць, публікаваць.
У выпадку сшыткаў Ісака Крамава паўстае зусім іншая карціна — гэта запісвае чалавек, далёкі ад беларускіх рэалій.
«Там нямала недакладнасцяў, дробных памылак. Але няма патрэбы штосьці апускаць. Гэта канспект маналогу Бярозкіна, які запісваўся па гарачых слядах, падчас размовы — каб потым зрабіць нешта больш апрацаванае. Гэта проста сыры матэрыял, які Бярозкін выкладаў маналогам, без прывязкі да жанру. Яму трэба было выгаварыцца, і ён выгаворваўся невядомаму беларускай культурніцкай супольнасці чалавеку, каб захаваць свае ўражанні і ўспаміны.
Магчыма, Бярозкін сам не мог (альбо не збіраўся) пісаць такую кнігу ад свайго імя. Але атмасфера таго часу ў ягоных успамінах перададзена вельмі ярка і шчыра», — кажа Ціхан Чарнякевіч.
«Тут усё сабрана, як у фокус, праз лінзу аднаго лёсу»
Мікола Раманоўскі, перакладчык, даследчык, унук пісьменніка Кузьмы Чорнага (які таксама ўзгадваецца ва ўспамінах Рыгора Бярозкіна як сумленны і прыстойны чалавек), лічыць, што, нягледзячы на вялікую колькасць ужо апублікаваных успамінаў, шукаць новыя варта і трэба.
«Калі казаць коратка — можна і трэба. Ва ўспамінах Бярозкіна, як на сёння, новага мала. Самі факты рэпрэсавання канкрэтных асобаў ужо вядомыя. Проста тут усё сабрана, як у фокус, праз лінзу аднаго лёсу. І выказана без асцярог і замоўчванняў, як бывала ў іншых рэпрэсаваных», — мяркуе Мікола Раманоўскі.
Віталь Вольскі арыштоўваў бацьку Рыгора Бярозкіна
Канспект успамінаў Рыгора Бярозкіна пачынаецца з таго, як некалі ў пісьменніцкім доме творчасці пад Мінскам вельмі «салідны інтэлігентны чалавек, знаўца прыроды і гісторыі, цудоўны апавядальнік, пісьменнік Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі», які некалі працаваў у ЧК, нечакана запытаўся ў Бярозкіна:
«Вы з Магілёва? Ваша прозвішча сапраўднае — не псеўданім?.. Я арыштоўваў Вашага бацьку. З брыгадай аператыўнікаў з Мінска».
Калі яго арыштоўвалі перад вайной, сярод шматлікіх даносаў я пазнаў руку Вольскага — інтэлігентнага чалавека, мілага чалавека… У 30‑м годзе, будучы яшчэ пісьменнікам, ён прыйшоў з ператрусам да Якуба Коласа…», — узгадвае Рыгор Бярозкін.
Пазней Бярозкін даведаўся, што яго бацька памёр у лагеры на Паўночным Урале ў 1939 годзе.
Даследчык Ціхан Чарнякевіч наконт Віталя Вольскага адзначае, што чытаў пра некалькі выпадкаў у архіўных дакументах, а таксама ва ўспамінах вядомага мастака, мемуарыста Яўгена Ціхановіча (у серыі «Беларуская мемуарная літаратура» выдавецтва «Лімарыус» у 2015 годзе выйшла яго кніга «Партрэт стагоддзя». — РС).
«У сваіх успамінах Яўген Ціхановіч, які быў блізкі да сям’і Уладзіслава Галубка, наўпрост казаў пра Вольскага як аднаго з тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у арыштах. І Галубка тэрарызавалі (не кажу «рэпрэсавалі», бо не люблю гэтага слова)…
Гэта тэрор, гэта злачынства супраць людзей. Ёсць сведчанні, што кіраўніцтва тагачасных культурніцкіх устаноў спрычынілася (а Вольскі тады ўзначальваў Інстытут літаратуры — хацеў ён таго ці не, павінен быў праводзіць палітыку партыі ў «ачыстцы», як яны тады гэта называлі, сваіх шэрагаў ад непажаданых элементаў). Вось і пэўныя сведчанні, што канкрэтна пра Вольскага, ёсць не толькі ў ўспамінах Бярозкіна», — апавядае Ціхан Чарнякевіч.
Злева направа: Павел Кабзарэўскі, Рыгор Бярозкін, Навум Кіслік, Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Уладзімір Дубоўка, Юрый Багушэвіч падчас IV з’езда беларускіх пісьменнікаў, 1959 год.
«Кандрат Крапіва і Пятро Глебка — даносчыкі»
Яшчэ фрагмент успамінаў Рыгора Бярозкіна, запісаных Ісакам Крамавым:
«Кандрат Крапіва і Пятро Глебка — таксама даносчыкі. Была арганізацыя «Узвышша» — паэты і празаікі, крытыкі. Хацелі ствараць нацыянальную беларускую савецкую літаратуру. Пачалі выкрываць — Глебка, Крапіва, сябры арганізацыі — Бабарэка, Пушча, Дубоўка былі арыштаваныя. Крапіва і Глебка мелі поспех, пісалі выкрывальныя артыкулы, лісты — як адмаўляюцца, прызнаюць памылкі…
…Крапіву купілі. Ён быў звязаны па руках і нагах. Крапіва ведаў, што здрадзіў сябрам.
У 1934 годзе Крапіва піша п’есу «Канец дружбы»: жылі двое сяброў, двое камуністаў, удзельнікаў грамадзянскай вайны. Адзін сябар выкрывае іншага ў партыйнай чыстцы — інтарэсы партыі вышэйшыя за сяброўства і каханне. Гэта класавая катэгорыя. Найлепшы сябар выкрывае свайго сябра, які выратаваў яму жыццё на фронце: гэта апраўдвала адносіны з сябрамі, яго здраду», — так запісаў Крамаў гэты ўспамін Бярозкіна.
Рыгор Бярозкін таксама ўспамінае, як паэт Уладзімір Дубоўка вярнуўся пасля 29 гадоў турмаў і высылкі — сівы, састарэлы.
«Па вяртанні сустрэліся — Дубоўка кажа, што збіраецца пераехаць у Маскву.
— Навошта? — кажу. — Ты ж беларускі паэт.
— Не магу жыць у адным горадзе з Кандраткам».
Пра класіка Кандрата Крапіву ёсць нямала мемуарных згадак, у прыватнасці, пра тое, як ён удзельнічаў у дапамозе развалу «Узвышша», як аддзяляў сябе ад тых, хто потым стаў выгнанцамі і ахвярамі — многія з «узвышэнцаў» загінулі ў лагерах, кажа Ціхан Чарнякевіч.
«Гэты чалавек вырашыў цалкам стаць на партыйную лінію, ісці па ёй ад пачатку да канца, а партыйныя заданні выконваў дбайна і дакладна. Менавіта таму, можа быць, ён і выжыў.
Некалі Панамарэнка (Панцеляймон Панамарэнка ў 1938—1947 гадах быў першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі. — РС) збіраў пісьменнікаў і казаў: «Давайце выпусцім Андрэя Александровіча, ёсць такая магчымасць». Ёсць сведчанні, што Крапіва сказаў: «Няхай сядзіць, дзе сядзіць».
Што да Дубоўкі, я думаю, што ён знаёміўся з матэрыяламі справы, і калі ён казаў гэтыя словы — «не хачу жыць у адным горадзе з Кандраткам» — на тое былі важкія прычыны. Усё ж такі з 1930‑га да канца 1950‑х Дубоўка знаходзіўся ў зняволенні і высылцы — гэта ледзь не палова яго жыцця», — разважае Ціхан Чарнякевіч.
«Пра Чорнага праўдападобна» — унук пісьменніка Мікола Раманоўскі
Кузьму Чорнага Рыгор Бярозкін называе «найлепшым беларускім празаікам, увасабленнем духу мовы, сур’ёзным пісьменнікам». У 1938 годзе Кузьму Чорнага нечакана арыштавалі.
«Ён быў перапалоханы да кашмару. Сябра «Узвышша». Робіць саступкі, піша дагодлівыя рэчы — адно: сысці з-пад сякеры. Дзяліцца — баяўся. Але было відаць: страх. Яго псіхалогія творчая тых гадоў. Чорны піша раман «Бацькаўшчына». Немец — у цэнтры — які здабыў радзіму ў Беларусі…
Чорнага хутка выпусцілі. Калі выйшаў, кінуўся мне на шыю: — Дзякуй, браце. (Яму давалі чытаць паказанні розных людзей на яго)…
Чорнага катавалі.
… У Кузьмы ў дзённіках запіс ваенных гадоў: «Сёння прыйшоў да мяне Уры Фінкель (яўрэйскі пісьменнік). Я стаў на калені перад ім перад пакутамі яго народа». (Дзяцей Фінкеля спалілі немцы ў мястэчку.)
Памёр у 1944 годзе ў вызваленым Мінску ад інфаркту», — так узгадваецца Кузьма Чорны ў запісаных успамінах Рыгора Бярозкіна.
Кузьма Чорны
Унук Кузьмы Чорнага Мікола Раманоўскі кажа, што тое, што пра яго дзеда Бярозкін тут гаварыў, падобна да праўды.
«Пра Чорнага праўдападобна. «Саступкі» — гэта тое самае, чаму ў дзённіку ў 1944‑м Чорны занатаваў: «Пасля вайны буду пісаць як хачу і магу».
Вядома, напрыклад, што фінал «Любы Лук’янскай» быў перароблены, бо аўтарскі варыянт не прапусціла цэнзура ў асобе Дадзіёмавай, таксама пра гэта я чуў ад мамы. Было маміна інтэрв’ю, апублікаванае ў томе «Чалавек — гэта цэлы свет» серыі ЖЗЛБ («Жыццё знакамітых людзей Беларусі»). Калі ў 1988 годзе ў «Полымі» надрукавалі цалкам дзённік Чорнага, Дадзіёмава яшчэ жыла, маме пазваніла і абуралася, як ён мог так напісаць. І тады пра «Любу Лук’янскую» сказала, што там фінал быў нейкі не такі, і яна настаяла, каб аўтар яго перапісаў і «палепшыў».
Адна недакладнасць: памёр Чорны не ад інфаркту, а ад інсульту, другога (першы інсульт быў у Маскве). І цытата з дзённіка пра Уры Фінкеля недакладная, хоць у рэальным запісе не менш зычлівасці», — кажа ўнук Кузьмы Чорнага.
Графіці з выявай Кузьмы Чорнага на вуліцы Кузьмы Чорнага ў Мінску. Ліпень 2020 года
Мікола Раманоўскі прызнаецца, што нават для яго, дасведчанага ў тэме рэпрэсій, было шмат новага, найперш — характарыстыкі канкрэтных асобаў.
«Не ўспомню, ці хто яшчэ апісаў атмасферу 1937 года ў Мінску настолькі выразна. Пра следчага ў 1945‑м і «На чым мы спыніліся?» я чуў яшчэ за савецкім часам ад сваёй мамы Рагнеды, якая з Бярозкіным была знаёмая. Пра расстрэл пад Чэрвенем таксама, але ў злагоджанай версіі — і больш веру таму, што цяпер чытаю, тым больш што чуў раней пераказ і гэтага апісання», — кажа Мікола Раманоўскі.
«Калі крымінальныя справы стануць даступныя, мы зможам пракаментаваць успаміны Бярозкіна»
Наколькі можна давяраць гэтаму канспекту ўспамінаў Рыгора Бярозкіна?
На думку Ціхана Чарнякевіча, калі ён апавядае пра сябе, гэтаму можна цалкам давяраць. Калі пра іншых — могуць узнікнуць пэўныя пытанні.
«Пра свой арышт ён гаворыць праўду, апавядае пра сваіх следчых. Усё астатняе, вядома, павінна быць праверана. Бо Бярозкін не быў непасрэдна пры арыштах іншых пісьменнікаў. З другога боку, ён крыніца — ад родных, сяброў, якія перадавалі яму пэўныя звесткі пра абставіны арыштаў, пра тое, хто ў іх удзельнічаў, хто следчыя, якія былі даносы, кім напісаныя. Усё гэта віравала, чуткі віравалі.
А самі крымінальныя справы дагэтуль закрытыя, яны ляжаць у КДБ, і даследчыкі ўжо даўно не маюць доступу да гэтых архіваў.
Калі крымінальныя справы стануць даступныя, мы зможам дакладна пракаментаваць успаміны Бярозкіна», — мяркуе Ціхан Чарнякевіч.
Тады могуць адкрыцца яшчэ больш цікавыя старонкі гісторыі, сумныя і драматычныя.
Чытайце таксама:
«У капцюрох ГПУ». Стагоддзе небяспечнай наіўнасці і дарэмных мараў беларускай эміграцыі
Браніслава Тарашкевіча катавалі і змусілі даць паказанні на 249 чалавек. Знайшлі адпаведны дакумент