Прэзідэнт Кеніі папрасіў Зяленскага вызваліць узятых у палон кенійцаў
Уільям Рута ў тэлефоннай размове з украінскім прэзідэнтам папрасіў яго аб вызваленні кенійцаў, якія аказаліся ў зоне баявых дзеянняў ва Украіне. Пра гэта Рута расказаў у сваім Х.
Уільям Рута. Фота: Wikimedia Commons
«Мы выказалі занепакоенасць наконт маладых кенійцаў, якія былі незаконна завербаваныя для ўдзелу ў вайне ва Украіне <…>. Я звярнуўся да прэзідэнта Зяленскага з просьбай садзейнічаць вызваленню любога кенійца, які знаходзіцца пад вартай ва Украіне», — напісаў Рута.
Раней дыпламатычныя крыніцы Daily Nation паведамілі пра як мінімум дзясятак кенійцаў, якія апынуліся ў Расіі або ў зоне баявых дзеянняў ва Украіне. Некаторыя з іх здаліся ўкраінскім вайскоўцам, іншыя былі вернуты дзякуючы гуманітарным намаганням, пісала выданне. Паводле даных Standard, Рута кажа пра кенійцаў, якія былі ўзяты ў палон украінскімі вайскоўцамі.
Міністэрства замежных спраў Кеніі заяўляла, што яму вядома пра выпадкі вербавання грамадзян, у выніку якіх тыя апынуліся ў зоне баявых дзеянняў.
«МЗС вядзе перамовы з уладамі ў Кіеве і ўзняў гэтае пытанне перад пасольствам Расіі. Расійскія ўлады адмаўляюць якую-небудзь датычнасць», — сказаў прадстаўнік кенняйскага МЗС Корыр Сінгой.