Старшыня парламента Чэхіі выклаў відэа, як дапамагае здымаць украінскі сцяг з будынка
Ён трымае лесвіцу, пакуль іншы мужчына спускае сцяг.
Томіа Акамура трымае лесвіцу, пакуль іншы мужчына спускае сцяг. Скрыншот відэа
Новы старшыня Палаты дэпутатаў Чэхіі (ніжняй палаты парламента) Томіа Акамура загадаў зняць з парламенцкага будынка сцяг Украіны. Сцяг вісеў там з 2022 года ў знак салідарнасці.
Відэа спікер апублікаваў у твітары (цяперашні Х). На відэа ён трымае лесвіцу, пакуль іншы мужчына здымае сцяг Украіны з будынку парламента Чэхіі.
«Чэшская рэспубліка — перш за ўсё», — пракаментаваў спікер гэты ўчынак.
Томіа Акамура — лідар правапапулісцкай партыі SPD («Свабода і прамая дэмакратыя»).
У адказ на яго дзеянні іншыя дэпутаты вывесілі тры ўкраінскія сцягі на будынку чэшскага парламента.
Адрэагаваў і спікер Вярхоўнай рады Украіны Руслан Стэфанчук. Ён нагадаў, што ўкраінскі сцяг — гэта сімвал іх нацыі, гэтым сцягам развітваюцца з украінскімі салдатамі, якія загінулі на вайне супраць Расіі.
«Сёння на ім бачныя шнары ад куль і агню бітваў, але ён па-ранейшаму горда лунае як сімвал свабоды. Па гэтай прычыне ён заслугоўвае глыбокай павагі і ўшанавання.
Вось чаму зрыванне ўкраінскага сцяга з будынку еўрапейскага парламента, народ якога падтрымлівае ўкраінцаў у гэтай справядлівай барацьбе, з'яўляецца даволі сумніўным дасягненнем… Нават калі ўсё, што вы зрабілі, — гэта патрымалі лесвіцу»,
— напісаў Стэфанчук у Х.