БЕЛ Ł РУС

У расійскім КВЗ Беларусь па-хамску паказалі як сметніцу на пабягушках

5.11.2025 / 21:4

Nashaniva.com

Падчас фестывалю «Голосящий КиВиН» адна з каманд паказала нумар, ад якога скрывяцца не толькі беларусы, але і лукашэнкаўская адміністрацыя.

Момант выступлення каманды «Флэш-Раяль». Тут і далей скрын відэа: 1tv.ru

У горадзе Светлагорску, што ў Калінінградскай вобласці, летам адбыўся штогадовы фестываль «Голосящий КиВиН». Па тэлебачанні яго паказалі некалькі дзён назад. У гала-канцэрце бралі ўдзел 16 калектываў. Сярод іх была каманда з Растова-на-Доне «Флэш-Раяль».

Яна выканала «песню пра хуткую адмову ад санкцый».

А пазней паказала нечаканы нумар, які капітан каманды пракаментаваў наступным чынам:

«Мы заўважылі, што межы дзяржаў хутка мяняюцца. І нам здаецца, што лягчэй за ўсё гэта тлумачыць музычна».

На сцэну паставілі памежны слуп. Па правы бок ад яго (калі глядзець з залы) стаў капітан з вялікім бэджам са сцягам Расіі. Па левы бок паставілі членаў каманды са сцягамі краін Балтыі — Літвы, Эстоніі і Латвіі.

І пачалася пантаміма.

Літва ўзяла памежны слуп і пачала яго рухаць у бок Расіі. Яе суседзі выказалі адабрэнне. Аднак Расія некалькі разоў пасунула слуп назад, чым выклікала незадаволенасць апанентаў. У пошуках падтрымкі краіны Балтыі паглядзелі на ЗША (сцяг гэтай краіны ўдзельнік каманды трымаў дагары нагамі).

У сваю чаргу ЗША пачалі граць на дудзе. Краіны Балтыі пачалі пад яе танчыць.

Расія працягнула пасоўваць памежны слуп далей на захад. І ў пэўны момант запрасіла тройцу перайсці на яе бок, што яны і зрабілі.

Затым на сцэне засталіся толькі Расія і ЗША. Капітан каманды ў вобразе Расіі падышоў да сумнага ўдзельніка каманды з перакуленым сцягам ЗША і выправіў памылку. А затым забраў дуду і пачаў на ёй іграць.

І тут на сцэне з’явіўся удзельнік са сцягам Беларусі. Ён з задавальненнем стаў танчыць. 

На ёй засталіся тры краіны Балтыі на баку Расіі. А з левага боку выйшлі члены каманды са сцягамі асобных краін Еўропы, а таксама Канады.

Калі Расія пачала граць на дудзе, яны адмовіліся танчыць. Замест гэтага па чарзе сталі вымаць пластыкавыя пакеты. Спачатку пакеты з’явіліся толькі ў левай руцэ кожнага. Затым — у правай. «Краіны» прадэманстравалі рашучасць свайго намеру.

Францыя, якая стаяла бліжэй за ўсіх (праўда з перавернутым сцягам) з’едліва ўсміхалася ў бок Расіі і кіравала працэсам. Расія ў сваю чаргу дастала вялікі пакет для смецця і разгарнула. Краіны «калектыўнага Захаду» паклалі ў яго сваё смецце.

І тут на сцэне зноў з’явілася Беларусь з вялікай сметніцай у руках і прапанавала свае паслугі Расіі. Тая паклала пакет з сабраным еўрапейскім смеццем у сметніцу Беларусі. Пасля чаго Беларусь зноў знікла са сцэны.

Пасля гэтага на сцэне з’явіўся Кітай. Ён пранёс свой памежны слуп уздоўж усіх краін Еўропы і стаў ціснуць на ЗША. З другога боку краіну памежным слупам прыціснула Расія. Астатнія моўчкі за гэтым назіралі. 

У выніку зладжанага націску ЗША вымушаныя былі саступіць. Памежны слуп Расіі апынуўся побач з кітайскім, і «краіны» паціснулі рукі.

Нумар скончыўся. Усе «краіны» пакінулі сцэну. Беларусі сярод іх не было.

Якая цяпер Расія, такі і гумар КВЗ.

Чытайце таксама:

Трэці раз у гісторыі КВЗ беларуская каманда стала чэмпіёнам

Беларуская каманда КВЗ працягвае ездзіць у Маскву. І жартуе пра 80/20, нацыяналізацыю і беларускі ноўтбук

Каманда КВЗ запісала прабачэнні на камеру з-за жарту пра кіраўніка Башкартастана і масавыя пратэсты ў Баймаку

Каментары да артыкула